Міхаіл Гарбачоў: Можаш сказаць, што пакуль пахаваць мяне ім не ўдалося

Міхаіл Гарбачоў: Можаш сказаць, што пакуль пахаваць мяне ім не ўдалося

Увечары 19 лістапада расійскае агенцтва Regnum са спасылкай на ВВС і інфармацыю ў сацыяльных сетках распаўсюдзіла навіну пра смерць Міхаіла Гарбачова. У размове з Еўрарадыё першы і апошні прэзідэнт СССР прызнаецца, што хоць цяпер ён і знаходзіцца ў лякарні, але паміраць пакуль не збіраецца.

Гарбачоў: "Ты ведаеш, я ляжу цяпер пад электрычнасцю — у абдымках медыцыны. Тут мне падзецца няма куды… Але ты можаш сказаць, што пакуль ім пахаваць мяне не ўдалося”.

У адказ на пытанне, чаму яго ўжо столькі разоў спрабавалі заўчасна “пахаваць”, Міхаіл Гарбачоў кажа, што “да такой ступені сур’ёзна да гэтага ставіцца, што нават пра гэта ў сваёй кнізе цэлы раздзел напісаў — апошні”…

Апошняга савецкага лідара ўжо не першы раз “хаваюць” у СМІ. Два гады таму навіну пра яго скон размясцілі пасля таго, як ён трапіў у лякарню і прапусціў чарговую сустрэчу лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міра. Таксама непраўдзівая інфармацыя пра смерць Гарбачова з’яўлялася ў 2012 годзе.

Міхаілу Гарбачову цяпер 84 гады. Нягледзячы на частыя праблемы са здароўем, ён дагэтуль працягвае з’яўляцца ў грамадска-палітычнай прасторы.

Фота: Getty

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі