Міхаіл Захараў — пра нараду ў прэзідэнта, будучыню хакея і лёс Льюіса
Галоўны трэнер мінскага “Юнацтва” Міхаіл Захараў прысутнічаў сёння на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі, прысвечанай беларускаму хакею і выступленню зборнай на апошнім чэмпіянаце свету. Пасля яе заканчэння спецыяліст падзяліўся з Еўрарадыё сваімі думкамі пра тое, што замінала развівацца беларускаму хакею і якіх зменаў варта чакаць у будучыні з прыходам на пасаду старшыні федэрацыі Сямёна Шапіры.
Еўрарадыё: Якія вашы агульныя ўражанні ад сённяшняга сходу. Ці варта нам чакаць пазітыву ад беларускага хакея?
Міхаіл Захараў: Адназначна варта. Будзе наведзены парадак на ўсіх пабудаваных пляцоўках. Тыя пляцоўкі, што ўбачыў я, калі праязджаўся па Брэсцкай вобласці, гэта быў проста жах. Проста імі не займаюцца. У першую чаргу, гэта кіраўніцтва вобласці.
Еўрарадыё: А як на развіццё хакея паўплывае абранне новага старшыні федэрацыі?
Міхаіл Захараў: Пра гэта мы даведаемся толькі праз чатыры гады. Цяпер нічога не можам казаць. Чалавек працуе толькі два дні.
Еўрарадыё: А што б вы маглі прапанаваць, каб палепшыць тое становішча, у якім апынуўся наш хакей?
Міхаіл Захараў: У першую чаргу, у кожным клубе экстралігі павінны быць, як раней пры Навумаве, 3-4 хакеісты да 20 гадоў. Гэта існавала да 2010 года. А пасля кіраўніцтва федэрацыі ў асобе Ворсіна гэта адмяніла. І менавіта з 2010 года ў нас у хакеі агромісты правал у зборнай. Дагэтуль у нас былі гульцы з НХЛ, былі задрафтаваныя… А пасля проста нічога не стала. І ўсе сёння кажуць, што хакеістаў няма.
Еўрарадыё: А што тычыцца нашага ўдзелу ў КХЛ? Вы прыхільнік, каб там ад Беларусі гуляла не толькі мінскае “Дынама”, але два, а тое і тры клубы?..
Міхаіл Захараў: Калі мы хочам змагацца, заваёўваць медалі, то трэба выходзіць у КХЛ і змагацца супраць моцных каманд. Мы ж не выхаваем у беларускім чэмпіянаце гульцоў узроўню чэмпіянату свету.
Еўрарадыё: Ці ёсць шансы, што прынамсі яшчэ адзін клуб з Беларусі з’явіцца ў КХЛ?
Міхаіл Захараў: Сёння на сустрэчы мы гэта не абмяркоўвалі. Калі я пра такое кажу, то гляджу ў вельмі далёкую будучыню. Калі заўтра скажуць, давайце будзем у КХЛ, то хакеістаў на другую каманду проста няма. Але калі мы такую мэту паставім і будзем да яе паступова ісці, то праз 2-3 гады, можа быць, усё атрымаецца.
Еўрарадыё: Узяты курс на тое, каб адмовіцца ад легіянераў у мінскім “Дынама”…
Міхаіл Захараў: Маё меркаванне ― не! Яшчэ рана. Мы яшчэ не гатовыя гуляць без легіянераў. Нам патрэбныя легіянеры ў плане развіцця, у плане навучання ад іх. Ёсць хлопцы-легіянеры даволі неблагія. І ўсё ж такі гэта зносіны з іншымі хакейнымі школамі: шведская — адна з лепшых, фінская, канадская. Трэба камунікаваць з імі. Яны хлопцы недурныя.
Еўрарадыё: Сёння прэзідэнт казаў, што зусім слабы наш унутраны чэмпіянат Беларусі.
Міхаіл Захараў: Так яно і ёсць — у нас чатыры каманды з паловай. І паглядзіце, які лік бывае: 15:0, 16:0. Гэта ж няправільна!
Еўрарадыё: Ці былі агучаныя нейкія прапановы па экстралізе?
Міхаіл Захараў: Былі. Кіраўнікам на месцах, губернатарам, неабходна паглядзець, што адбываецца. Ніводзін губернатар не займаецца хакейнымі камандамі. У Брэсце не займаецца. Ён там ніводнага хакеіста не ведае. У Віцебску тое ж самае. І ніхто ж вялікіх грошай не просіць, там невялікія грошы. Але тое, што атрымліваюць хлопцы — гэта проста паміж небам і зямлёй. Тым больш, што хакеісты ў кожную хвіліну могуць скончыць кар’еру.
Еўрарадыё: Многія спартовыя эксперты шкадуюць, што ліквідавалі Усходнееўрапейскую лігу…
Міхаіл Захараў: Ды ну, вы што! Ну з кім гуляць ва Усходнееўрапейскай лізе? Хоць адзін медаль выйграла каманда не з Беларусі? Ніводнага. Заўсёды ў першай шасцёрцы былі ўсе беларускія клубы. І навошта яна патрэбная? Гэтыя адлегласці… Па тысячы кіламетраў. Ехаць ва Украіну, калі там такое няпростае становішча… Ехаць туды на аўтобусе, і не ведаць, вернешся ці не? Або ў Латвію, ці ў Літву — што там, каманды ёсць? Свой чэмпіянат трэба ўздымаць.
Еўрарадыё: Уздымаць свой чэмпіянат — гэта агульныя словы. А калі канкрэтна?
Міхаіл Захараў: Канкрэтна, кожны клуб павінен займацца сваёй школай. Вось, на сённяшні дзень “Нёман” з Гродна — чэмпіён Беларусі. Самы малады гулец — 26 гадоў. У іх няма ані 24, 23, ані 20. Школа сама знаходзіцца ў сумным стане. Усяго два медалі, недзе ў 2007 і 2008 гадах. Вось і ўвесь вынік. Калі я ў Пушкова (галоўны трэнер “Нёмана”, — Еўрарадыё) пытаюся, колькі ў цябе медалёў, ён не ведае, што ў цябе за гульцы ў школе. Вось і ўся сітуацыя. Як толькі мы ўвядзём у хакейныя клубы трое маладых гульцоў да 20 гадоў, кожны трэнер пабяжыць у сваю школу, таму што ведае, што чэрпаць больш няма адкуль. Далей. Калі мы забаронім пераходы з клуба ў клуб, каб толькі тры хакеісты маглі перайсці ў адзін клуб — усе зоймуцца сваімі школамі. Рычагоў вельмі шмат, і яны існавалі, быў вынік. Проста потым, у 2010-м, прыйшлі людзі, якія ўсё гэта зламалі. Сем гадоў мінула, і ўвесь хакей разваліўся. У поўным сэнсе слова разваліўся. Займацца трэба было старшыні федэрацыі хакея. Ездзіць да губернатараў, размаўляць з імі. Я з’ездзіў у Бярозу, Брэст, Баранавічы і спытаў там, ці бачылі вы старшыню федэрацыі? Ніводзін з іх не бачыў. Кажуць, сюды ніхто не прыязджаў. Шапіра сказаў, першай справай, што зробіць, праедзецца па ўсіх катках і ўбачыць на ўласныя вочы, што там адбываецца. І ён жахнецца ад таго, што там адбываецца. Вось мы паехалі, нас адправіў прэзідэнт, паглядзелі, даклалі, і сёння па многіх катках будуць паляпшэнні. Усё будзе на галаву лепей.
Еўрарадыё: Наколькі актуальнае пытанне стварэння прыватных хакейных школ?
Міхаіл Захараў: У нас і была такая школа ў Наваполацку, якая рыхтавала моладзь, прадавала ў больш багатыя клубы, і за кошт гэтага жыла. Школа існавала. Проста, зноў жа, адмянілі і зрабілі так, што кожны хакеіст сёння можа ўстаць і з Наваполацка сысці бясплатна, а школа з гэтага нічога не мае. І яны перасталі працаваць што ў дзіцячым хакеі, што ў дарослым. У Расіі тры хакеісты перайшлі з “Сібіры” ў ЦСКА за 7,5 мільёна долараў, а ў нас усё бясплатна. Таму Наваполацк і разваліўся. Сышоў хакеіст у дзіцячым узросце, клуб за гэта павінен атрымаць кампенсацыю. А ў нас 20 чалавек у адну каманду, 20 — у другую, вось і ўсё.
Еўрарадыё: Ці варта чакаць, што ў 2021 годзе наш хакей пакажа ў Мінску такі вынік, якім мы будзем задаволеныя?
Міхаіл Захараў: Задача нумар адзін на ЧС-2021 — гэта ў першую чаргу пападанне ў васьмёрку. І ў кожным матчы біцца да канца. Калі трапяць у 8-ку, то, я лічу, гэтыя чатыры гады былі патрачаныя не дарэмна.
Еўрарадыё: Ці застанецца Дэйв Льюіс?
Міхаіл Захараў: Я лічу, што ён павінен застацца, і адзін, і другі трэнер, але як там вырашыць федэрацыя, я не ведаю.