Міхалок і Brutto выступяць на "Мінск-Арэне"
Сяргей Міхалок і гурт Brutto выступяць на "Мінск-Арэне". Канцэрт прызначаны на 8 сакавіка (пачатак а 19-й гадзіне). На ім будзе прадстаўленая новая праграма "Double Hot".
Міхалок кажа, што гурт "у эйфарыі" ад будучага выступлення на "Мінск-Арэне", на самай вялікай канцэртнай пляцоўцы краіны. "Зіма праляціць у рэпетыцыях і трэніроўках — нам неабходная алімпійская форма, каб выступіць годна на Роднай Зямлі, — распавядае музыка. — Сустрэнем Вясну святочным канцэртам і выдатным настроем! Будзь рэалістам — мар пра немагчымае!".
Вядома, што ў праграму "Double Hot" увайшлі найлепшыя трэкі гурта Brutto з альбомаў "Underdog" і "Родны край", залатыя хіты "Ляпісаў" за апошняе дзесяцігоддзе.
Як паведамляла Еўрарадыё, першы за два гады існавання гурта Brutto канцэрт у Беларусі прайшоў 29 кастрычніка ў Гомелі. На яго сабралося каля 4 тысяч чалавек.