Міліцыя адсачыла тэлеграм-чат і паслала "ціхароў" на ёгу ў Новай Баравой
Новая Баравая / newbor.by
Вельмі дзіўныя рэчы адбываюцца ў элітным раёне Новая Баравая пад Мінскам. Жыхары раёна сабраліся разам пазаймацца ёгай, але правесці заняткі перашкодзілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Яны сачылі за перапіскай у "Тэлеграме" і з'явіліся менавіта тады і там, дзе дамаўляліся сустрэцца людзі.
Усё адбывалася так. Пасля затрыманняў, якія прайшлі ў Новай Баравой 14 ліпеня, у вялікім тэлеграм-чаце "Новая Боровая 98%" з'явілася ідэя арганізаваць міні-акцыю пратэсту падчас заняткаў па ёзе.
— Вырашылі легчы на траву фразай "Сыходзь". Гэтую ідэю мы абмяркоўвалі ў чаце "НБ своих не бросает". Потым нейкі ананім стварыў асобны чат для арганізацыі нашай акцыі. Так сказаць, каб не правакаваць супрацоўнікаў міліцыі, якія сочаць за паведамленнямі, — расказвае Еўрарадыё жыхарка Новай Баравой.
У акцыі вырашылі паўдзельнічаць каля 40 чалавек. Ад слова "Сыходзь" чацік неўзабаве адмовіўся — "гэта заклік, могуць узнікнуць праблемы". З'явілася новая ідэя — рассесціся ў форме сэрца, кулака і знака V — сімвалаў аб'яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
— Зрабілі схему рассадкі, прызначылі дату і час. Але калі прыйшлі на поле, нас "завярнулі", бо за акцыяй ужо назіралі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным з камерамі. Нам сказалі, што яны падыходзілі і папярэджвалі пра тое, што нельга праводзіць масавыя мерапрыемствы. Мы разышліся.
Пасля гэтага чат "НБ своих не бросает" і чацік для заняткаў па ёге аказаліся выдалены.
— Я звязваўся з яго адміністратарам. Пасля размовы склалася ўражанне, што гэта проста актыўны падпісчык, які сам спалохаўся магчымых наступстваў і таму выдаліў чат, — расказвае Еўрарадыё адміністратар ТГ-чата "Новая Боровая 98%". Там цяпер актыўна высвятляюць, хто здаў сваіх суседзяў сілавікам.
Спачатку падазрэнне пала на высокапастаўленага супрацоўніка абласной міліцыі, які жыве ў адным з дамоў раёна. Але ад гэтай здагадкі хутка адмовіліся — каб шпіёніць за тэлеграм-чатам, не трэба быць цэлым палкоўнікам.
Тым не менш відавочна, што людзі ў пагонах укараніліся ў тэлеграм-чаты і атрымліваюць з іх усю неабходную інфармацыю.
— Атмасфера наогул цяпер не з прыемных. У дробных і буйных чатах сядзяць супрацоўнікі Бараўлянскага РАУС з мэтай ідэнтыфікаваць актыўных удзельнікаў нават не горада, а мікрараёна Новая Баравая — уладкаванага, незлачыннага, спакойнага, — дадае адмін чата "Новая Боровая 98%".
Мараль гісторыі такая: за намі сочаць. Беларуская міліцыя асвоіла "Тэлеграм". Ананімныя сілавікі могуць чытаць нашы рэплікі з любога чата — калі, вядома, гэта не чат з вашымі сваякамі, у якім вы ўсіх ведаеце. Гэта варта мець на ўвазе, калі вы плануеце нешта, што органы могуць расцаніць як парушэнне закона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.