У Беларусі асудзілі міліцыянта, які ў 2020-м даносіў на пратэстоўцаў
Уладзімір Гелескул
У Беларусі асудзілі міліцыянта Уладзіміра Гелескула, які ў 2020-м засвяціўся ў базе даносчыкаў, заўважыла "Наша Ніва".
У МУС Генескул служыць з 1998-га. Да затрымання працаваў у ДАІ, даслужыўся да пасады кіраўніка ўзвода ДПС ДАІ Салігорскага райвыканкама і звання маёра. Праўда, у снежні 2022-га яго панізілі да інспектара.
У верасні 2020-га Гелескул некалькі разоў паведамляў у міліцыю, што на стаянцы каля "Віталюра" на вуліцы Лынькова нанесеныя "антыпалітычныя надпісы" з тэкстам "Саша, ты прайграў, сыходзь". Паводле ягоных даносаў пачыналі крымінальную справу, але незразумела, чым яна скончылася.
Папаўся Гелескул на тым, што "прабіваў" у міліцэйскіх базах даныя на людзей і прадаваў іх за значныя сумы. У адным эпізодзе фігуруюць атрыманыя ім 9500 долараў за пошукі па базах неабходнага чалавека. У другім эпізодзе ён пагадзіўся знайсці нейкага ўладальніка аўто за 7000 долараў. Яго затрымалі з задаткам у 4000 долараў — выявілася, што гэта была аперацыя міліцыянтаў, якія даведаліся, што Гелескул гандлюе звесткамі з баз даных.
Суд над міліцыянтам скончыўся 23 лютага 2024 года. Яго абвінавачвалі па чатырох артыкулах — "Незаконныя дзеянні ў адносінах да персанальных звестак" (ч. 1 арт. 203-1 КК), "Падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры" (ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 431 КК), "Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі" (ч. 2 арт. 424 КК) і "Махлярства" (ч. 3 арт. 209 КК). Яму пагражала да шасці гадоў турмы.
Аднак прысудзілі Гелескулу тры з паловай гады калоніі, штрафам 14 тысяч рублёў (350 базавых велічыняў), пазбавілі права быць прадстаўніком улады на пяць гадоў і пазбавілі звання маёра. Ягонага падзельніка Леаніда Пятрушу вінавацілі толькі ў махлярстве і незаконных дзеяннях адносна персанальных звестак: яму прысудзілі тры гады і адзін месяц "хіміі" ды штраф 6000 рублёў (150 базавых).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.