Мінабароны Польшчы расказала пра хакерскую атаку з Беларусі
Беларускія хакеры дабраліся да Польшчы / salon24.pl
Беларускія хакеры вядуць у Польшчы шырокую кампанію дэзінфармацыі, піша salon24.pl.
З дапамогай месенджара Telegram, электронных лістоў і SMS хакеры рассылалі фальшывыя паведамленні ад імя Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы. Атрымальнікамі былі як шматлікія палякі, так і літоўска-польска-ўкраінская брыгада імя вялікага гетмана Канстанціна Астрожскага.
Для рассылкі паведамленняў яны выкарыстоўвалі нядаўна зарэгістраваны дамен mon-gov[.]com. У лістах паведамлялася пра меркаваны пачатак ваеннай кваліфікацыі ў 2023 годзе ў адпаведнасці з Законам аб абароне Айчыны, які, як чакаецца, працягнецца да 21 ліпеня.
Генерал брыгады Караль Маленда назваў вінаватымі ў рассылцы фэйкавых навін беларускую хакерскую групу UNC 1151. Гэтая групоўка ўжо некалькі месяцаў выкарыстоўвае так званы фішынг сярод украінскіх вайскоўцаў: на іх паштовыя скрыні масава ідуць электронныя лісты са спасылкамі, якія вядуць на заражаныя сайты.
Таксама гэтая група адказвае за ўцечку і публікацыю электронных лістоў, якія прыпісваюць чальцам польскага ўрада ў рамках інфармацыйна-шпіёнскай аперацыі Ghostwriter, якая цягнецца ўжо шмат гадоў. Хакеры з UNC 1151 правялі атакі на акаўнты польскіх палітыкаў, а таксама ўзламалі сервер Дзяржаўнага агенцтва па атамнай энергіі. Дзеянні групы накіраваныя супраць Украіны, Польшчы, Літвы і краін NATO.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.