Мінчука, асуджанага за падпал танка, прызналі палітвязнем
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ трох чалавек. Гэта — Аляксей Коршун, Яўген Сямёнаў і Ягор Міхайлаў. Праваабарончая супольнасць лічыць іх справы палітычна матываванымі і патрабуе вызвалення палітзняволеных.
Коршун асуджаны за "наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці" на 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі — за публікацыю каментара.
Сямёнава асудзілі па некалькіх артыкулах да 5 гадоў калоніі — за каментары ў тэлеграм-чаце пра супрацоўнікаў ГКБАЗіК МУС, ўхіленне ад адбывання абмежавання волі і крадзеж.
Міхайлаў у ліпені асуджаны судом Фрунзенскага раёна Мінска па артыкуле "акт тэрарызму" да 10 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў падпале танка на чыгуначнай платформе. Пры гэтым афіцыйна спачатку відэа падпалу назвалі фэйкам.
У Беларусі ўжо 629 палітвязняў. Іх колькасць павялічваецца штодня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.