Мінгарвыканкам: трэба захаваць абмежаванні на інтэрнэт-гандаль алкаголем

Мінгарвыканкам: трэба захаваць абмежаванні на інтэрнэт-гандаль алкаголем

Мінгарвыканкам лічаць, што трэба захаваць абмежаванні на інтэрнэт-гандаль алкаголем. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй Дамарацкі.

Як паведамляла Еўрарадыё, у сярэдзіне верасня намеснік міністра гандлю Вячаслаў Драгун заявіў, што абмежаванні, уведзеныя на інтэрнэт-гандаль алкагольнай прадукцыяй і цыгарэтамі, могуць быць адмененыя. На думку чыноўніка, любыя меры рэгулявання ў гандлі накіраваны на найбольш поўнае задавальненне патрэб насельніцтва, а таксама на тое, каб засцерагчы пакупніка ад няякаснага, несертыфікаванага і кантрафактнага тавару.

Ініцыятарамі карэкціроўкі заканадаўства павінны выступіць айчынныя вытворцы, зацікаўленыя ў збыце сваёй прадукцыі, адзначыў Драгун. Як інфармуе БЕЛТА, асобныя суб'екты гаспадарання пачалі ставіць пытанне аб легалізацыі рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі праз інтэрнэт-крамы і зняцці абмежаванняў па дастаўцы алкагольных напояў на дом. Андрэй Дамарацкі кажа, што мінскія ўлады гэтую ініцыятыву не падтрымліваюць, інакш "алкаголь стане больш даступным для непаўналетніх" (няма гарантыі, што кур'еры будуць правяраць пашпарты ў кліентаў).  

"Акрамя таго, з пашырэннем даступнасці алкагольных напояў павялічыцца і іх спажыванне, што супярэчыць палітыцы па барацьбе з п'янствам і алкагалізмам, якая праводзіцца ў краіне", — мяркуе намеснік старшыні Мінгарвыканкама.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі