Мінінфарм абмежаваў доступ да інтэрнэт-рэсурсу з-за "неналежнай рэкламы"
Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да інтэрнэт-рэсурсу з-за размешчанай на ім "неналежнай рэкламы". Рэкламавалася прадастаўленне мікрапазыкаў неабмежаванаму колу асоб, фізічнымі асобамі, якія не уключаныя ў рэестр мікрафінансавых арганізацый. Падобная дзейнасць забаронена законам.
Прэс-служба Мінінфарма адзначае, што рашэнне было прынятае 28 лістапада на падставе пісьмовага паведамлення Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Гаворка ідзе пра сайт denga.by.
За 2016 год Міністэрства інфармацыі прыняла рашэнні аб абмежаванні доступу да 47 інфармацыйных рэсурсаў. Доступ адноўлены толькі да аднаго з іх. З гэтых рэсурсаў 21 быў заблакаваны за распаўсюд інфармацыі, накіраванай на рэалізацыю наркатычных сродкаў, 13 — за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, 11 — за неналежную рэкламу, 2 — за прапаганду парнаграфіі, гвалту і жорсткасці.