Міністр абароны Украіны звольніць 40% ведамства пасля дэтэктара хлусні
40% кіраўнікоў міністэрства абароны не прайшлі праверку на дэтэктары хлусні. Новы міністр абароны Сцяпан Палтарак у інтэрв’ю ўкраінскаму 5 каналу абяцае звольніць гэтых людзей. Па словах міністра, пад праверку трапілі 35 кіраўнікоў ведамства, 40% з іх — гэта 14 чалавек.
“У мяне няма іншага выйсця. Таму што людзі, якія не прымаюць своечасова рашэнні, людзі, якія працавалі ўжо 30-40 гадоў і нічога не змяняюць у сваёй працы — у іх, дарэчы, перспектыва невялікая. У іх увогуле вялікія праблемы з пошукам працы. Так, як была пабудаваная праца ў міністэрстве, — гэта так сістэма не працуе”, — кажа міністр.
Дэтэктар хлусні (паліграф) — прылада, якая ацэньвае праўдзівасць інфармацыі праз інструментальнае даследаванне дыхання, сардэчна-сасудзістай актыўнасці чалавека.
Прэс-сакратар міністра абароны Украіны крыху раскрывае Еўрарадыё падрабязнасці гэтай праверкі:
“Ужо некалькі дэпартаментаў скарочаныя, некалькі аб’яднаныя ў адно. І кожны кіраўнік дэпартамента перапрызначаецца на пасаду, а перад прызначэннем праходзіць цэлы комплекс спецыяльных праверак і выпрабаванняў, у тым ліку і паліграф. Потым па выніках гэтых праверак збіраецца спецыяльная камісія”.
Прадстаўніца мінскай арганізацыі, якая аказвае паслугі праверкі на паліграфе, кажа, што гэтую прыладу часта выкарыстоўваць падчас антыкарупцыйных мерапрыемстваў і для простых праверак супрацоўнікаў. У Беларусі такімі паслугамі карыстаецца нямала арганізацыяў, у тым ліку і дзяржаўныя ведамствы.
“Мы ніколі не называем нашых заказчыкаў, інфармацыя застаецца толькі ў нас. Але нашымі паслугамі карыстаюцца і вялікія прадпрыемствы і вельмі буйныя, нават тыя, якія ва ўсіх на слыху”, — паведамляе супрацоўніца.
Па яе словах, некаторыя фірмы набіраюць сваіх супрацоўнікаў толькі праз тэст на паліграфе, іншыя праводзяць тэставанне на хлусню пастаянна — раз на паўгода. Праверка чалавека ў сярэднім займае 1,5 гадзіны і каштуе каля мільёна. Набыць такую прыладу нятанна — каштуе як добры невялікі аўтамабіль.
Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Канстанцін Шалькевіч гаворыць, што хоць вынікі праверкі паліграфа даюць важкія падставы рабіць высновы, ці кажа чалавек праўду, доказам хлусні гэта быць не можа:
“Вынікі даследаванняў на паліграфе ў судзе не з’яўляюцца доказамі. Але ў аператыўнай рабоце, а тым болей карпаратыўнай нам ніхто не забароніць прымаць рашэнні аб прызначэнні на пасаду чалавека, калі нам не падабаюцца вынікі яго паліграфічнага даследавання”.
Прэс-сакратар дадае, што паводле крымінальнага права гэты працэс не можа быць прымусовым. Чалавек можа адмовіцца ад такой праверкі.
Тэст на паліграфе па ўласным жаданні праходзіў нават Уладзіслаў Кавалёў, які быў асуджаны за тэракт у Мінску.