Міністр эканомікі пра штрафы па Дэкрэце №7: "Вакханаліі не будзе"
Міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі не бачыць праблемы ў вялікай розніцы паміж штрафамі, якімі могуць пакараць прадпрымальнікаў па новым Дэкрэце №7.
"200, ці 50, ці 10 базавых велічыняў — будзе вырашаць суд, даць ці не даваць. З пэўным расследаваннем, калі будзе даказаная віна кіраўніка прадпрыемства. Па-іншаму не будзе. І не будзе вакханаліі, — распавядае Еўрарадыё ў кулуарах Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Зіноўскі. — Ва ўсіх кантралюючых і праваахоўных органаў будзе мэта папярэдзіць правапарушэнне".
Паводле Дэкрэта №7, за "непрыняцце неабходных мер па належнай арганізацыі дзейнасці юрыдычнай асобы" яе кіраўнік можа атрымаць штраф ад 10 да 200 базавых велічыняў. На сёння гэта ад 230 да 4600 рублёў, ці прыкладна ад $115 да $2300. Бізнес-колы бачаць у такой розніцы паміж магчымымі памерамі штрафаў інструмент ціску на прадпрымальнікаў.
Прапанова, каб штрафы прысуджаліся кіраўнікам прадпрыемстваў не адразу, а толькі тады, калі тыя не выправілі выяўленыя парушэнні, адлюстравання ў Дэкрэце №7 не знайшла.