Міністр Макей перанёс сустрэчу з Таццянай Караткевіч на нявызначаны тэрмін

Міністр Макей перанёс сустрэчу з Таццянай Караткевіч на нявызначаны тэрмін

18 сакавіка прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў збіраліся сустрэцца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Але сустрэча была перанесеная на іншы час. Па словах Андрэя Дзмітрыева, прычына пераносу ў недахопе часу: каб абмеркаваць усе тэмы, патрэбна значна больш часу, чым тыя 30 хвілін, якія сёння меў на сустрэчу Макей.

Андрэй Дзмітрыеў: “Мы хацелі абмеркаваць тры кірункі. Па-першае, развіццё беларуска-еўрапейскіх адносінаў. Гэта пытанне і падпісання базавай дамовы, і падпісанне Беларуссю “Хартыі мясцовага самакіравання”, і пытанне рэгіянальнага супрацоўніцтва з Вышаградскай групай, і двухбаковае супрацоўніцтва з Польшчай, Літвой і Украінай. Таксама мы хацелі закрануць тэму, звязаную з Еўразійскім саюзам — там ёсць вельмі канкрэтныя пытанні абароны інтарэсаў беларускага бізнесу. І таксама пытанне, звязанае з агульным павышэннем іміджу Беларусі ў свеце. Якія для гэтага трэба зрабіць захады, у тым ліку для таго, каб да нас прыязджала больш турыстаў”.

Дату сустрэчы кіраўнікоў кампаніі “Гавары праўду” з міністрам у МЗС пакуль не называюць. Маўляў, як толькі ў яго з’явіцца больш-менш вольны час. І тут узнікае пытанне: якім чынам прадстаўнікам “Гавары праўду” ўдалося дамовіцца на сустрэчу з Макеем? Прычым гэта не першы выпадак, калі чыноўнікі з высокіх пасадаў пагаджаюцца паразмаўляць з Караткевіч і Дзмітрыевым. Яны ідуць да іх у прыёмныя дні як шараговыя грамадзяне?

“Па-рознаму ідуць дамоўленасці. Дзесьці мы сапраўды выкарыстоўваем гэты механізм прыёмаў, дзесьці, маючы нейкія кантакты, спрабуем дамовіцца на сустрэчы. Спрабуем упэўніць, што гэтыя сустрэчы важныя, патлумачыць, чаму важна весці гэты дыялог. Трэба разумець, што пэўны скепсіс да такіх размоваў ёсць не толькі ў, так бы мовіць, апазіцыйным лагеры, але ён яшчэ большы ў тым лагеры. Яны таксама думаюць: навошта ім патрэбная гэтая размова, ды і ўвогуле пра што размаўляць?”

Еўрарадыё: Тым не менш, той факт, што чыноўнікі сустракаюцца з прадстаўнікамі незарэгістраванай арганізацыі, выклікае здзіўленне…

Андрэй Дзмітрыеў: Няма ніякага здзіўлення. Проста сёння ёсць пэўнае спаборніцтва ўнутры дэмакратычных сіл. Я б не сказаў, што мы ў гэтым асабліва ўдзельнічаем — нас проста часцей згадваюць, чым мы на гэта неяк рэагуем. Але мы ўсе разумеем, што ў Беларусі вельмі часта фармальнае і нефармальнае мяняюцца месцамі. Усё залежыць ад пэўнай палітычнай кан’юнктуры, пэўнай палітычнай сітуацыі. Сёння яна такая, і трэба з ёй працаваць, што мы і робім. Цалкам магчыма, што праз месяц яна зменіцца, і сістэма цалкам закрыецца ад усіх. Тады мы будзем пераглядаць нашу тактыку, не змяняючы стратэгіі. Я існую ў рэальнай сітуацыі, а не ўяўнай. Рэальная сітуацыя сёння мае шэраг магчымасцяў, якія трэба спрабаваць выкарыстоўваць.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі