Міністр МЗС Украіны незадаволены вынікамі перамоваў у Берліне

У сераду ўвечары прайшла чарговая сустрэча міністраў замежных спраў у так званым “нармандскім фармаце”. Перамовы ў Берліне міністраў замежных спраў Нямеччыны, Францыі, Расіі і Украіны цягнуліся літаральна некалькі гадзінаў.

Пасля сустрэчы міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў прэсе, што незадаволены вынікамі перамоваў. “Гэта было цяжка, i магу вас запэўніць, што цярпенне ўсіх удзельнікаў на зыходзе. Але сёння ў мяне ўзнікла ўражанне, што чатыры міністра замежных спраў, якія сабраліся тут, усведамляюць сваю адказнасць і разумеюць, што далей так працягвацца не можа”, – перадае словы Клімкіна Deutsche Welle.

Расійскі міністр замежных спраў Сяргей Лаўроў заявіў: “Самае галоўнае рашэнне, якое сёння было прынята, яно адлюстравана ў сумеснай заяве, ухваленай па выніках гэтай сустрэчы — гэта магутная падтрымка задачы тэрміновага адводу цяжкіх узбраенняў ад лініі судакранання [на Данбасе], якая зафіксавана ў мінскіх дамоўленасцях, у прыватнасці, у мінскім мемарандуме ад 19 верасня”.

Лаўроў таксама заявіў: “Гэта роўна тое, што прапанаваў прэзідэнт Пуцін у сваім пасланні прэзідэнту Парашэнку ад 15 студзеня гэтага года. Мы спадзяемся, што падтрымка гэтай ініцыятывы з боку міністраў замежных спраў “нармандскага фармату” дазволіць яе рэалізаваць”.

Паводле слоў міністра замежных спраў Расіі, апалчэнцы з "ДНР" і "ЛНР" ужо падтрымалі графік адводу цяжкіх узбраенняў, і выказаў надзею, што “Кіеў паступіць такім жа чынам”.

Міністр МЗС Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмайер (на здымку) не лічыць, што на перамовах дасягнуты прарыў, але прытрымліваецца думкі, што “адчувальны прагрэс ёсць”. Складаецца ён, па словах міністра, у тым, што бакі здолелі дамовіцца аб крытэрах, згодна з якімі мусіць пачацца адвод цяжкіх узбраенняў ад дэмаркацыйнай лініі, зафіксаванай у Мінскім пратаколе.

Ужо ў самы бліжэйшы час, заявіў Штайнмаер, павінна адбыцца пасяджэнне так званай кантактнай групы, каб дамовіцца аб пачатку гэтага працэсу.

Шмат што ў гэтай сувязі залежыць ад Масквы. Штайнмаер заявіў, што “Расія сёння паабяцала аказаць неабходны ўплыў на ўсходнеўкраінскіх сепаратыстаў”. Калі адбудзецца ўсё тое, працягваў ён, пра што дамовіліся міністры ў гэтую сераду, гэта будзе азначаць, “што мы сталі бліжэй да саміту ў Астане, якога многія так чакаюць — асабліва ва Украіне”.

У прынятай чатырма міністрамі сумеснай заяве яны заклікаюць усіх удзельнікаў супрацьстаяння на ўсходзе Украіны “адвесці цяжкія ўзбраення ад дэмаркацыйнай лініі згодна з дадаткам да мінскага з мемарандумам, падпісаным 19 верасня 2014 года” і ўжо ў бліжэйшыя дні правесці пасяджэнне кантактнай групы, каб дамовіцца аб ажыццяўленні мінскага пратаколу.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі