Міністры ЕЭК — Данкверту: Не трэба перакладаць з хворай галавы на здаровую
Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт днямі абвінаваціў беларускіх прадстаўнікоў Еўразійскай эканамічнай камісіі ў тым, што яны лабіруюць інтарэсы беларускіх пастаўшчыкоў на шкоду расійскім. Агенцтва БЕЛТА папрасіла пракаментаваць гэтыя выпады чальцоў Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі (міністраў) па тэхнічным рэгуляванні, а таксама па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Валерыя Карашкова і Сяргея Сідорскага.
Данкверт вінаваціў беларускіх вытворцаў у выкарыстанні сухога малака пры вытворчасці пітнога малака. У адказ Сідорскі паведаміў, што зацверджаных методык па вызначэнні канцэнтрацыі сухога малака на сёння няма.
Рассельгаснагляд, па яго словах, выкарыстоўвае методыку, распрацаваную камерцыйным прадпрыемствам ТАА "Хема". Гэтая методыка, кажа Сідорскі, не занесеная ў Федэральны інфармацыйны фонд Расіі па забеспячэнні адзінства вымярэнняў. Яна не зацверджаная ў вызначаным Расійскай Федэрацыяй парадку, не прайшла навукова-тэхнічную экспертызу і таму не можа ўжывацца ў сферы дзяржаўнага рэгулявання не толькі ў Расійскай Федэрацыі, але і ў астатніх краінах ЕАЭС. Па яго словах, "Рассельгаснагляд неправамерна выкарыстоўвае ўказаную методыку ды яшчэ і абвінавачвае Рэспубліку Беларусь у нядобрасумленнасці вытворцаў малочнай прадукцыі".
На думку Сідорскага, абвінавачанні Данкверта беспадстаўныя, бо ў Беларусі ёсць лішак малака, таму няма сэнсу выкарыстоўваць сухое малако ў вытворчасці натуральнамалочнай прадукцыі.
У сваю чаргу Валерый Карашкоў пракаментаваў абвінавачанні расійскага чыноўніка ў выкарыстанні малака ад кароваў, хворых на лейкоз. Па яго словах, лейкоз — невылечная форма раку, таму такіх жывёлаў проста забіваюць.
У асобных рэгіёнах Расіі захворванне на лейкоз буйной рагатай жывёлы складае ад 30% да 70%, кажа чыноўнік. Па Міжнароднае эпізаатычнае бюро аднесла Расію да катэгорыі небяспечных па лейкозе сярод краін Еўразійскага эканамічнай саюза.
"Мы прапаноўвалі Мінсельгасу Расіі сумесна з ветэрынарнай службай распрацаваць комплексную нацыянальную праграму па прафілактыцы і аздараўленні буйной рагатай жывёлы ад лейкозу з улікам станоўчага вопыту, у тым ліку Рэспублікі Беларусь. Дагэтуль гэтага плана сістэмных мерапрыемстваў па выпраўленні сітуацыі ў Камісію не ўнесена", — заяўляе чыноўнік.
Ён дадаў, што Рассельгаснагляду варта было б разгарнуць працу з расійскімі вытворцамі малака, каб знізіць паказчык лейкозу кароваў, а не перакладаць праблемы з хворай галавы на здаровую.