Мінкульт вызначыў пераможцу конкурсу на помнік у Курапатах

Мінкульт вызначыў пераможцу конкурсу на помнік у Курапатах

Міністэрства культуры падвяло вынікі конкурсу на помнік ва ўрочышчы Курапаты — месцы масавых расстрэлаў у сталінскія часы. 

Пераможцам конкурсу стаў аўтарскі калектыў: скульптары Вольга Нячай і Сяргей Аганаў, а таксама архітэктары Марыя Маркаўцова і Вольга Ярмоліна. На сайце Мінкульта праект-пераможца не паказаны. 

У каментары Радыё "Свабода" адзін з аўтараў праекта Сяргей Аганаў паведаміў, што журы выбрала варыянт з чатырма слупамі ў "іржавым" метале. Па словах скульптара, гэты манумент мусіць нагадваць капліцу. Аўтары помніка хочуць "максімальна захаваць народны мемарыял, які цяпер існуе". Новы помнік мусіць упісацца ў пастаўленыя навокал крыжы.

Аганаў паведаміў, што ў чацвер пройдзе пасяджэнне мастацкай рады па манументальным і дэкаратыўным мастацтве пры Савеце міністраў, на якім будуць зацвярджаць праект. Цяпер ідуць перамовы наконт яго фінансавання.

Знак будзе пастаўлены на пагорку, дзе цяпер стаяць вялікія крыжы і звычайна адбываюцца мітынгі. Ад цэнтра яго пасунуць на 10 метраў убок, бо там праходзіць газаправод.

Дарэчы, Вольга Нячай і Сяргей Аганаў — таксама аўтары помніка князю Гедзіміну ў Лідзе.

Грамадскасць у абмеркаванні праекта помніка не ўдзельнічала.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі