Мінсельгасхарч: на Стаўбцоўшчыне няма афрыканскай чумы
Міністэрства сельскай гаспадаркі абвяргае інфармацыю, якая 12 ліпеня з’явілася ў прэсе.
На сайце дэпартаменту ветэрынарнага і харчовага нагляду размешчанае паведамленне, у якім гаворыцца, што інфармацыя пра афрыканскую чуму ў гэтым раёне “не адпавядае рэчаіснасці і расцэньваецца дэпартаментам ветэрынарнага і харчовага нагляду як спроба нагнятання абстаноўкі вакол сітуацыі з гэтым захворваннем у краіне”.
На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёну не зафіксавана выпадкаў гібелі свіней, выкліканай афрыканскай чумой, сцвярджаюць у дэпартаменце.
“На гэты момант у раёне, які ўвайшоў у першую зону пагрозы ў сувязі з рэгістрацыяй афрыканскай чумы свіней у суседнім з ім Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці, праводзіцца комплекс мерапрыемстваў па недапушчэнні распаўсюду гэтага захворвання, у тым ліку адбіранне і забой свіней для стварэння буфернай зоны”, — адзначылі ў дэпартаменце.
Гэтыя мерапрыемствы праводзяцца ў адпаведнасці з рашэннем Стаўбцоўскага райвыканкаму і рэгламентаваныя ветэрынарна-санітарнымі правіламі барацьбы з афрыканскай чумой, інфармуе БЕЛТА.