Мінскі гігант перамог легенду сусветнага бокса Дэвіда Туа (відэа)
Баксёр Аляксандр Усцінаў, прамоўтарамі якога з’яўляюцца браты Клічко, вяртаецца на вяршыні сусветных рэйтынгаў.
Двубой Аляксандра Усцінава і Дэвіда Туа адбыўся ў новазеландскім Гамільтане. Мінчук перамог свайго вядомага саперніка з разгромным лікам, хоць напружанне не знікала да апошняй секунды паядынку.
Дэвід Туа — адзін з самых легендарных баксёраў-суперцяжаў у гісторыі. Яго ставяць у адзін шэраг з такімі знакамітасцямі, як Майк Тайсан, Эвандэр Холіфілд і Ленакс Льюіс. Пасля паразы ад мінчаніна Туа абвесціў пра сыход з бокса.
А мінскі баец працягвае дабівацца двубою за пояс чэмпіёна планеты.
Аляксандру Усцінаву 36 гадоў. Яго рост большы за два метры, а вага — блізу 140 кг. Усцінаў — ветэран чачэнскай вайны, служыў у самым пекле. Аднак у 25-гадовым узросце Аляксандр сышоў з новасібірскага АМАПу і пераехаў жыць у Мінск. Тут ён амаль з нуля пачаў займацца тайскім боксам у беларускага трэнера Уладзіміра Задзірана, тут жа атрымаў вышэйшую адукацыю.
Нягледзячы на крытыку і кпіны, тандэм Усцінаў-Задзіран дасягнуў поспеху ўжо праз год — першае месца на чэмпіянаце свету па тайскім боксе. Потым Усцінаў перайшоў у прафесійны бокс. Яго прамоўтарамі сталі браты Клічко.
Аляксандр здабыў 29 перамог. У мінулым годзе здарылася і адзіная параза ад балгарына Курбата Пулева. Пасля гэтага на рускамоўных баксёрскіх форумах Усцінава пачалі называць не “расіянінам”, а “беларусам”.
У гэтыя дні Аляксандр чакае, каб абвясцілі імя яго будучага саперніка. Ім стане нехта з баксёрскай эліты.
“Мая мэта — пояс чэмпіёна свету. Мне хочацца, каб цяжкая праца дала плён”, ― заявіў Аляксандр пасля перамогі над Дэвідам Туа.
Фота 3news.co.nz