Мінскі мясакамбінат трапіў пад узмоцнены кантроль Рассельгаснагляду
У прадукцыі пяці беларускіх прадпрыемстваў Рассельгаснагляд выявіў парушэнні ветэрынарна-санітарных патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза і Расіі.
Цяпер ведамства ўводзіць рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю прадукцыі наступных прадпрыемстваў:
— ААТ агракамбінат "Прыдняпроўскі" (у курыных яйках выявілі какцыдыястатыкі (дыклазурыл));
— ААТ "Гомельская птушкафабрыка" (у курыных яйках выявілі какцыдыястатыкі (дыклазурыл));
— ААТ АФПК "Жлобінскі мясакамбінат" (у паўфабрыкатах з ялавічыны выявілі лістэрыі);
— СТАА "Коскро" (у тушках качак выявілі какцыдыясатыкі (дынітра-карбанілід));
— ААТ "Мінскі мясакамбінат" (у каўбасных вырабах з ялавічыны выявілі незаяўленыя ДНК курыцы і свінні).
Какцыдыястатыкі аказваюць негатыўнае ўздзеянне на здароўе чалавека. Калі людзі рэгулярна ўжываюць яйкі і мяса птушкі з утрыманнем какцыдыястатыкаў, ім пагражае дысбактэрыёз, зніжэнне імунітэту, пастаянныя прастуды, алергічныя рэакцыі, парушэнне працы ўсіх сістэм арганізма. Дарэчы, тэрмічная апрацоўка не разбурае гэтыя рэчывы.