Мінспорту забяспечвае яўку на еўракубкавы матч мінскага "Дынама" (дакумент)
Міністэрства спорту вырашыла арганізаваць высокую яўку на еўракубкавым футбольным матчы паміж мінскім "Дынама" і ірландскім "Дзеры Сіці" 19 ліпеня. Дакумент за подпісам намесніка міністра Аляксандра Баравулі, які пацвярджае гэта, з'явіўся ў сацсетках.
"Улічваючы высокую грамадска-палітычную значнасць мерапрыемства, просім забяспечыць прадстаўленне заявак на квіткі для супрацоўнікаў арганізацыі", — гаворыцца ў лісце Мінспорту.
Заяўкі. прапануецца дасылаць намесніку дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі Віталю Сакалоўскаму. У каментары nn.by Сакалоўскі заявіў, што ніхто не збіраецца прымусова заганяць гледачоў на трыбуны. "І я б не сказаў, што гэта прымусова — кіраўніцтва паставіла задачу, але практыка такая, што некаторыя ўвогуле заяўкі не дасылаюць, бо там няма ахвотных, а хтосьці дасылае заяўку з большай колькасцю людзей і просяць павялічыць квоту", — патлумачыў чыноўнік.
Таксама Сакалоўскі заявіў, што не ведае, за чые грошы набываюцца квіткі.
Першая гульня паміж "Дынама" і "Дзеры Сіці" адбылася 12 ліпеня. Беларуская каманда ў гасцях выйграла з лікам 2:0.