“Мог і $3000 прайграць”. У Беларусі лудаманам абмяжуюць доступ да онлайн-казіно
“Мне было сорамна прызнацца сваякам, што гуляю, і тое, што не магу сябе кантраляваць, і тое, што шмат грошай спускаю. За раз мог прайграць
100-200 рублёў, і нават больш”, — распавядае Еўрарадыё Міхаіл. Хлопец папрасіў не называць яго прозвішча. 3,5 года таму ён вырашыў завязаць з азартнымі гульнямі і напісаў заяву, каб яго перасталі пускаць у казіно.
Па розных звестках, на гульнявую залежнасць пакутуе ад 0,5% да 3% насельніцтва Зямлі. Для Беларусі гэтая праблема таксама актуальная. Настолькі, што днямі на грамадскае абмеркаванне вынесеныя папраўкі ў Грамадзянска-працэсуальны кодэкс, якія абмяжуюць магчымасць лудаманам наведваць не толькі звычайныя, але і онлайн-казіно. Лудамананія, да рэчы, гэта паталагічная схільнасць да азартных гульняў.
Як гэта будзе працаваць?
Ужо сёння ўвайсці ў казіно можа не кожны жыхар Беларусі. Па-першае, туды не пусцяць без пашпарта. Але нават калі з дакументамі ўсё ў парадку, існуюць “чорныя спісы” лудаманаў, якім па ўласным жаданні ці па рашэнні суда забаронена не тое што падыходзіць да рулеткі ці покернага стала, а нават проста сядзець у бары гульнявой установы.
“Чалавек піша заяву: ад паўгода да трох гадоў — і ён абмежаваны ў наведванні гульнявых устаноў на тэрыторыі Беларусі, — распавядаюць Еўрарадыё ў Маніторынгавым цэнтры па гульнявым бізнесе. — Таксама забараніць уваход у казіно могуць сваякі, праз суд”.
З 1 красавіка 2019 года цэнтр будзе аўтаматычна атрымліваць копіі судовых пастаноў, каб забараняць лудаманам гуляць і ў онлайн-казіно. Па словах нашага суразмоўцы, хутчэй за ўсё, для гэтых мэт будзе створаная адмысловая платформа.
Што праўда, ёсць складанасць:
“Пакуль цяжка нешта дакладна сказаць на гэты конт. Невядома, як пойдзе, бо ёсць сайты [онлайн-казіно. — Еўрарадыё], якія не адносяцца да беларускай юрысдыкцыі”, — тлумачаць у Маніторынгавым цэнтры па гульнявым бізнесе.
Чаму людзей увогуле так цягне да азартных гульняў?
“Пачынаецца ўсё праз тое, што чалавек не можа задаволіць свае патрэбы ў рэальным жыцці. Каб сябе добра адчуваць, каб вырашыць нейкія праблемы, чалавеку трэба гуляць, — распавядае Еўрарадыё псіхатэрапеўт Мікалай Суроўцаў. — А ўвогуле, ёсць такое паняцце, як залежнасць. Няма розніцы, якая, алкагольная, наркатычная, гульнявая ці іншая. Залежнасць, што ў першую чаргу праяўляецца праз дакучлівасць”.
Спецыяліст адзначае, што калі пацыент прыходзіць да доктара пад прымусам ці па просьбе сваякоў, ад гэтага няма сэнсу. Без уласнага жадання вылечыцца не атрымаецца.
Еўрарадыё паразмаўляла з двума зацятымі гульцамі, якія ў розны час самастойна абмежавалі свой доступ да гульнявых устаноў. Хлопцы распавялі, чаму яны гэта зрабілі, колькі грошай пакідалі ў казіно і ці збіраюцца калі-небудзь узяцца за старое.
“Цягне гуляць, калі няма чаго рабіць”
Мінчанін Аляксандр пачаў гуляць у 20 гадоў. Цяпер яму 27. Ён распавядае, што праблем з грашыма ў іх сям’і ніколі не было, таму наведваў казіно і аўтаматы. Таго, што быў азартным гульцом, хлопец ніколі не хаваў. Але паўтара года таму самастойна абмежаваў сабе доступ да казіно, бо зразумеў, што ўжо не можа сябе кантраляваць.
“Гадоў пяць-шэсць я шчыльна гуляў: казіно і аўтаматы, а не ў інтэрнэце, — распавядае Аляксандр. — Было, калі выйграваў за адзін раз $2000. Але прайграваў у разы больш. Мог і $3000 прайграць за дзень. Цяпер не гуляю, бо напісаў заяву на тры гады. Гэта было прыкладна 1,5 года таму. Гуляў у асноўным на аўтаматах: “Money Game”, “Book of Ra”, “Magic Money”, “Sharky”, “Соlumbus”.
Па словах Аляксандра, абмежаванне на ўваход працуе не зусім рацыянальна: напрыклад, калі більярдная знаходзіцца на другім паверсе, а казіно на першым, дык наведвальніка не пусцяць і пагуляць на більярдзе. Хлопец дадае, што калі гуляў, дык яго ведалі практычна ўсе ахоўнікі ў казіно.
“Ужо не той азарт, які быў раней. Але усё адно ёсць, — працягвае Аляксандр. — Цяпер мяне цягне гуляць, калі няма чаго рабіць. Самае галоўнае — гэта сябе чымсьці заняць. Калі тэрмін скончыцца, дык не ведаю, што буду рабіць. У роздумах”.
"Тыдзень “на падумаць”"
Другі суразмоўца Еўрарадыё, Міхаіл, працуе на буйным беларускім прадпрыемстве. Хлопцу 24 гады. Гульнявы стаж — тры гады. Хадзіў выключна на аўтаматы.
Пра тое, што спускаў грошы на азартныя гульні, бацькам не казаў. У пэўны момант абмежаваў сябе на тры гады. Гэты тэрмін ужо скончыўся, але гуляць так, як раней, Міхаіла не цягне.
“У мяне добрая праца, але ўсё роўна грошай згубіў шмат. Аднойчы проста надакучыла гэта ўсё: прыйшоў у клуб і напісаў на сябе заяву, каб мяне больш не пускалі. Цікава, што яны даюць тыдзень “на падумаць”. Калі тэрмін скончыўся, дык некалькі разоў заходзіў гуляць. Але цікавасць ужо не тая”.