Мінчук прайграўся ў казіно і выклікаў міліцыю
Казіно / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
У мінскім казіно адзн з наведнікаў прайграўся і пасля гэтага выклікаў міліцыю. Здарэнне адбылося напрыканцы чэрвеня, кажуць у Мінскай падатковай інспекцыі.
Мужчына прайшоў у казіно без праверкі дакументаў, заявіўшы, што ідзе да дырэктара. Пасля гэтага ён згуляў у азартную гульню і прайграў. Ад прыкрасці мінчук выклікаў міліцыянтаў і паведаміў ім, што яго не павінныя былі пускаць у казіно, бо ён з'яўляецца самаабмежаванай асобай.
На адміністратарку казіно склалі два пратаколы за парушэнні службовых абавязкаў.
Пасля гэтага мужчына напісаў яшчэ заяву ў падатковую інспекцыю. Казіно ў адказ на запыт падаткавікоў не падало запісы камер відэаназірання. Гэтыя запісы, згодна з заканадаўствам, абавязаныя захоўвацца не менш за месяц. Пасля гэтага пратакол склалі на намесніка дырэктара ўстановы.
Адміністратарцы казіно за парушэнне абавязкаў пагражаў штраф да 740 рублёў. Пры гэтым за пятнаццаць 12-гадзінных змен яна зарабляе 1000 рублёў. З улікам чыстасардэчнага раскаяння жанчыну аштрафавалі па 0,5 базавых велічыні па кожным пратаколе. У суме яе штраф склаў 37 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.