Музыкі з Швейцарыі вынайшлі ідэальнае гучанне беларускай песні

Жыла-была ў Мінску група “Акана”. Спявалі ў ёй тры харошыя дзеўкі – Руся, Надзея і Ірэна. Добра спявалі дзеўкі старажытныя песні беларускіх бабуль. І шукалі дзеўкі таго самага ГУКУ, які б дапамог ім данесці гэтыя тысячагадовыя песні да сучаснага беларуса-земляка.

А ў далёкай краіне Швейцарыі, дзе ёсць Альпы, банкі і гадзіннікі, жыў мультыінструменталіст Альбін Брун і ягоныя сябры-музыкі. Гралі яны цудоўную аўтарскую музыку. І аднойчы наведалі Беларусь, пазнаёміліся з Русяй, Надзеяй і Ірэнай, забралі іх да сябе ў Швейцарыю і пачалі слухаць песні беларускіх бабуль. А калі дзеўкі паляцелі дадому як птушкі-ластаўкі, селі музыкі і напісалі партытуры!

І так крута стала беларускай бабулінай песні ў партытуры Albin Brun Alpin Ensemble! І загучала тая песня гучна, голасна, яскрава. На ўвесь свет! Знайшлі дзеўкі з Аканы той самы ГУК, і паспрабавалі данесці прыгажосць песень землякам падчас туру па беларускіх гарадах разам Albin Brun Alpin Ensemble.

Музыкі Albin Brun Alpin Ensemble паказалі сябе не толькі прафесіяналамі, але і гарачымі прафесіяналамі. Па глыбіні апрацовак бачна, што рыхтавалі яны праект ні адзін дзень. Музыка гурта ўразіла жывапіснасцю, выяўленчасцю, тонкасцю і трапнасцю ў той самы сакральны сэнс беларускай бабулінай песні. Часам здавалася, што вось-вось на сцэне з’явяцца танцоўшчыцы, і пачнецца яшчэ і сцэнічная танцавальна-музычная дзея. Гучала наша песня і аўтарская музыка людзей з альпаў, яны пераліваліся, пераклікаліся, дубляваліся і разыходзіліся. У выніку была гармонія. І акордаў, якія падалі як камні, і спеваў з дудкамі, кантрабасам, баянам і бубнамі…

А дзеўкі… Спачатку крыху разгубіліся і глядзеліся на фоне музыкаў сціпла і скавана. А з “Чырвонай вішні”, калі матулі ў зале заліліся слязьмі, пачалося тое самае яднанне музыкаў і вакалістаў, якое напрыканцы вылілася ў сапраўдны экстаз і даказала: беларуская песня і альпійская аўтарская музыка сумяшчальныя яшчэ як! А “Акана”(як яны файна галасілі!!!) павінна гучаць менавіта так! І ніяк больш! Сто гадоў праекту, які мае назву “Казальпін”!

Пасля канцэрту музыкаў Albin Brun Alpin Ensemble атакавалі студэнты-кітайцы з касерваторыі. Публіка была ў захапленні.

Знакаміты папа Памедор: “Перад пачаткам выступу Руся сказала, што ў Швейцарыі пары, якія сумняваліся ў сваіх пачуццях, пасля падобных сумесных канцэртаў рабілі адно адному прапанову рукі і сэрца. Я табе кажу, я амаль не зрабіў прапанову  малазнаёмай мне жанчыне, разумееш? Мяне парвала! А галоўнае, ведаеш, яны(Акана. – пр. аўтара) нарэшце дабіліся таго гучання, якое павінна было быць. Колькі было ўжо складаў гурта, колькі спробаў, з тым да “Дзягілеў—прожэкт” тут таксама. Але вось як яно гучыць зараз, гэта пэрфект!”

Сярод публікі можна было заўважыць і мам-тат дзяўчын.


Наталля, маці Надзеі: “Праект нам вельмі падабаецца. Мы ўжо неаднойчы адпраўляем дзяцей туды: Надзею – маю дачку з дзяўчынкамі. Таму дзякуй гэтаму праекту, што дзеці змаглі папрацаваць з музыкамі замежнымі, пабачылі тое жыццё. Яны выраслі ў музычным плане, што вельмі прыемна”.

Пасля канцэрту да Русі – аканаўскай вакалісткі, падыйшла дзяўчына з Швейцарыі з просьбай навучыць яе спяваць па-бабулінаму.

Дзяўчына: "Вітаю. Я з Швейцарыі. Мне цікава, як можна навучыцца спяваць у такім манеры спеваў?  У нас такога зусім няма!"

Руся: "А вы звяртайцеся да нашых спевакоў, якія займаюца этнічнымі песнямі. Яны вас навучаць. Нам таксама цяжка выконваць швейцарскі ёдэль. Мы правялі тры дні са школай швейцарскага Ёдэля і амаль навучыліся. Усё роўна наш ёдэль гучыць вельмі па-беларуску".

А потым перад Русяй з’явілася шлюбная пара.

 Маладажоны: У нас сёння дзень шлюбу, і мы прыйшлі да вас. Мы ў такім захапленні! Не чакалі!

Руся: Адразу з вяселля прыйшлі? Значыцца, жыццё будзе добрым. Бо мы з такой любоўю сёння гралі! Мы заўсёды кажам, што нашая музыка поўніцца каханнем і пяшчотай. Так што ўсё ў вас будзе, і каханне, і пяшчота, і дзеткі! Будзьце шчаслівымі!

Па словах Русі, канцэрт у Мінску атрымаўся самым складаным.

Руся: Самы складаны канцэрт, таму што дома граць канцэрты – рэч вельмі складаная. Мы так хваляваліся, ледзь не памёрлі за сцэнай. Першы сэт быў крыху цяжкаватым, у другім – значна лягчэй. Але ўсе вельмі задаволеныя. Хлопцы такія шчаслівыя! Бачыш, усе з імі фатаграфуюцца, бяруць афтографы. Карацей, мы вельмі шчаслівыя!

Фота: Яўген Ерчак


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі