Мы рызыкуем згубіць школу ў дзіцячай анкагематалогіі — экс-кіраўнік Мінздароўя
Ігар Зелянкевіч / svaboda.org
Амаральнымі назваў заявы беларускага міністэрства аховы здароўя аб тым, што адток медыцынскіх кадраў нязначны, і праблемы няма, былы міністр аховы здароўя Ігар Зелянкевіч. Ён узначальваў ведамства ў 1997-2001 гадах.
"Гэта абуральна. Казаць, што праблемы няма, адток кадраў неістотны — амаральна", — заявіў ён у інтэрв'ю "Радыё Свабода".
Скептычна ставіцца ён і да разваг чыноўнікаў аб тым, што недахоп лекараў можна вырашыць за кошт выпускнікоў медыцынскіх ВНУ.
"Так не атрымаецца, што, маўляў, не хапае 3 тысячы лекараў, і 3 тысячы выпускнікоў медуніверсітэтаў прыйдзе, каб закрыць вакансіі. Не. Выпускнікі ж працягваюць вучобу ў інтэрнатуры. А гэта яшчэ не лекары, а паўфабрыкат, скажам так", — адзначыў былы міністр.
Пры гэтым з сістэмы аховы здароўя сыходзяць лепшыя — самі або іх вымушаюць, як былога дырэктара РНПЦ кардыялогіі Аляксандра Мрочака. Мрочак — фігура еўрапейскага маштабу, вядомы ў свеце кардыёлаг, акадэмік.
"Што ён павінен быў зрабіць падчас вядомых падзей, калі супрацоўнікі РНПЦ кардыялогіі выходзілі на акцыі пратэсту, на думку звальняемых? Што, дырэктар павінен быў не пусціць людзей, легчы папярок дзвярэй? Тым больш, людзі выходзілі на пратэсты ў непрацоўны час, ніводная аперацыя не была сарваная. За што звольнілі Мрочака — за тое, што не звальняў сваіх супрацоўнікаў?",— кажа экс-міністр.
Раскрытыкаваў ён і рашэнне звольніць кіраўніка РНПЦ дзіцячай анкагематалогіі Вольгу Алейнікаву, і прызначэнне на яе месца чалавека, далёкага ад анкалогіі. Прымаючы такое рашэнне, "мы рызыкуем страціць цэлую навуковую школу, якую стварыла Вольга Вітальеўна Алейнікава", адзначыў Зелянкевіч.
Алейнікава стварыла ўнікальны РНПЦ, кіравала ім 25 гадоў. "У нас вынікі лячэння лейкозаў лепшыя ў свеце", — нагадвае былы міністр аховы здароўя.
21 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка яшчэ і пазбавіў Вольгу Алейнікаву Дзяржаўнай прэміі — падпісаў указ, якім Алейнікаву і былога кіраўнік РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Алега Суконку выкраслілі са спісу ўзнагароджаных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.