Мы за Украіну, але за нафту Расіі плацім своечасова: дзіўная вайна Захаду
Уладзімір Зяленскі няспынна просіць заходніх палітыкаў дапамагчы Украіне ў супрацьстаянні расійскай агрэсіі. Закрыць неба над Украінай, даць больш сур’ёзнага ўзбраення кшталту баявых самалётаў і сродкаў проціпаветранай абароны. Нарэшце, спыніць транзіт расійскіх вуглевадародаў, якія насуперак здароваму сэнсу працягваюць паступаць у Еўропу.
Атрымліваецца, што Захад быццам спачувае Украіне і ў той жа час спраўна плаціць Расіі за газ і нафту. Што гэта за дзіўная вайна такая?
— Тое, што робіцца з нямецкага альбо з французскага боку, яно ўжо пераўзыходзіць мае ўласныя чаканні, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё беларускі гісторык з Германіі Аляксандр Фрыдман. — Зразумела, тых жа немцаў папракаюць у тым, што яны пастаўляюць куды менш зброі Украіне, чым ад іх чакаюць. Я ніякім чынам не хацеў бы абараняць нямецкі ўрад, але трэба зразумець, што нямецкі Бундэсвер не знаходзіцца ў такім добрым стане, каб яны сапраўды маглі шмат чаго пастаўляць. Яны пастаўляюць тое, што могуць. У іх магчымасці таксама абмежаваныя.
Тое, што Германія працягвае купляць у Расіі газ і нафту, — гэта вельмі цяжкае пытанне. Значная колькасць насельніцтва выказваецца супраць энергетычнага супрацоўніцтва. Але трэба зразумець, што мінулыя нямецкія ўрады на працягу больш чым дваццаці год вельмі моцна прывязалі нямецкую эканоміку да расійскіх энерганосьбітаў. Калі Германія сёння ад іх сапраўды адмовіцца, то краіну чакае сур’ёзны эканамічны крызіс. І нямецкія ўлады гэта выдатна разумеюць. З аднаго боку, яны разумеюць, што супрацоўніцтва з Расіяй трэба спыніць як мага хутчэй. І стратэгічны курс ужо зразумелы — гэта супрацоўніцтва спыніцца. Пытанне толькі калі.
— Прынцыповае рашэнне прынята, — працягвае Аляксандр Фрыдман. — Праблема ў тым, што гэта вельмі цяжка зрабіць у адзін момант. У еўрапейскіх урадаў няма ілюзіяў. Яны дакладна разумеюць, з кім яны маюць справу ў Маскве. Пытанне такое: ці перастане Захад набываць энерганосьбіты альбо Расія спыніць іх пастаўку.
Што тычыцца заходніх палітыкаў, то другі варыянт для іх найбольш прыярытэтны. У гэтым выпадку можна будзе сказаць “прабачце, мы імкнуліся да апошняга захаваць эканамічную сітуацыю. Але Расія вырашыла пайсці на такі крок, таму ва ўсіх эканамічных праблемах вінаватыя не мы, а расійскі бок”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.