Мядзведзік Топа з "Калыханкі" перамог на глядацкім галасаванні
Мядзведзік Топа з дзіцячай "Калыханкі" стаў найлепшым беларускім тэлевядоўцам на думку гледачоў. Такі вынік інтэрнэт-галасавання, якое праходзіла на сайце тэлеканала СТВ і было прымеркаванае да XII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня". За Топу, якога агучвае актор Уладзімір Варанкоў, прагаласавалі 38% удзельнікаў.
Галасаванне пачалося 14 траўня і завяршылася а 12-й гадзіне 19 траўня. За Топу актыўна агітавалі галасаваць карыстальнікі сацсетак.
На конкурсе "Тэлевяршыня" "Прыз глядацкіх сімпатый" для найлепшага вядоўцы існаваў у 2005-2010 гадах. Потым гэтая намінацыя знікла. Аднак сёлета арганізатары вырашылі аднавіць традыцыю.
На прыз глядацкіх сімпатыяў прэтэндавалі 22 вядоўцы з беларускіх тэлеканалаў. Найбліжэйшымі канкурэнтамі Топы сталі Вольга Бурлакова і Аляксандр Мяжэнны, якія вядуць праграму "Раніца. Студыя добрага настрою" — у іх амаль 30% галасоў.
Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў XII Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня" адбудзецца 20 траўня ў Палацы Рэспублікі.