На аптычна-механічным заводзе ў расійскім Сергіевым Пасадзе прагрымеў выбух
Выбух на аптычна-механічным заводзе ў Сергіевым Пасадзе / @ostorozhno_moskva
У Сергіевым Пасадзе (75 км ад Масквы) сёння раніцай прагрымеў магутны выбух. ТАСС са спасылкай на экстранныя службы сцвярджае, што прычынай выбуху стаў чалавечы фактар, эпіцэнтрам — ангар з піратэхнікай. У выніку быў разбураны склад на плошчы 1,6 тыс. квадратных метраў. Між тым мясцовыя жыхары знайшлі пасля выбуху на заводзе ў Сергіевым Пасадзе элемент, падобны да часткі снарада, паведамляе карэспандэнт рэсурсу "Осторожно, медиа". З завода, усіх будынкаў і цэхаў, эвакуююць людзей. Вокны выбітыя, фасад пашкоджаны. Паведамляецца ўжо пра 38 пацярпелых, некаторыя — у цяжкім стане. У пяці чалавек апёк 100% цела. 15 чалавек шпіталізаваныя ў траўматалагічнае аддзяленне з аскепкавымі траўмамі. Акрамя самога прадпрыемства, пашкоджанні атрымалі каля 20 шматпавярховак і 4 сацыяльныя ўстановы.
Адзначым, што гэты аптычна-механічны завод — найбуйнейшы распрацоўшчык і вытворца аптычных і аптычна-электронных прыбораў для расійскіх сілавых структур, прамысловасці і аховы здароўя. 24 лютага 2022 года Расія напала на Украіну і працягвае весці вайну супраць суседняй краіны, бамбардуе яе гарады і забівае людзей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.