"Еўрабачанне-2017": Navi, Nuteki, Віталь Варанко ў адборы

"Еўрабачанне-2017": Navi, Nuteki, Віталь Варанко ў адборы

Чалавек-баян Віталь Варанко, які нядаўна скарыў сваёй непасрэднасцю брытанскае тэлешоў Britain's Got Talent, падаў заяўку на ўдзел у "Еўрабачанні-2017" і цалкам раскрывае таямніцы свайго нумару:


"Песня называецца "What's your name?" і напісаць яе мяне натхніў прадзюсар Sony Music, які падышоў пасля першага шоў, дзе журы пыталіся, як мяне завуць, і прапанаваў напісаць песню "What's your name?". Так яна і нарадзілася".


Віталь з'явіцца на нацыянальным адборы ў традыцыйным ужо касцюме Супермэна, але мадэрнізаваным — з элементамі беларускага арнаменту, бо ў песні адчувальны народны каларыт. Кампазіцыя будзе на англійскай мове, а сам нумар — гумарыстычны.


"Гэта будзе шоў, як на Britain's Got Talent", — абяцае Віталь.

 

Таксама Еўрарадыё стала вядома, што гурт The Superbullz з Алесем-Францішкам Мышкевічам вызначыўся з заяўкай у апошні дзень, бо змяніў песню (раней музыкі заяўлялі трэк пра 90-я гады і перыяд станаўлення незалежнай Беларусі). Яшчэ адзін з прадзюсараў заінтрыгаваў тым, што дапамагае расійскаму артысту з беларускімі каранямі. Свой удзел у сёлетнім адборы пацвердзілі і музыкі гурта Navi. Прыём заявак скончыўся 22 лістапада, але яшчэ не ўсе бандэролі дайшлі да Белтэлерадыёкампаніі.


"З усіх заявак, якія да нас дайшлі на сёння, асноўная маса — ад грамадзян Беларусі, — распавядае пра геаграфію паходжання ўдзельнікаў прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Красоўская. — Але таксама прадстаўленая Расійская Федэрацыя некаторымі артыстамі, але не магу сказаць, што гэтыя імёны на слыху, хаця, магчыма, яны вядомыя ў пэўных колах. Таксама прыйшлі заяўкі з Латвіі, Туркменістана, Украіны. Ёсць заяўка ад артыста з Нігерыі, які мае від на жыхарства ў нашай краіне".


Прэс-сакратар падкрэслівае, што заяўкі ад расійскага прадзюсара Макса Фадзеева, які напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку з прапановай падрыхтаваць да конкурсу расійскага ўдзельніка, а таксама спявачкі Наргіз (ходзяць чуткі, што менавіта на яе робіць стаўку прадзюсар), пакуль не паступала. Як і бандэроляў ад беларускіх зорак нацыянальных адбораў — Жанет, Анастасіі Малашкевіч, Гюнэш і забаўных зомбі Sweet Brains. Але, кажа Святлана, што сярод тых, чые заяўкі дайшлі, шмат артыстаў, якія ўжо свяціліся ў адборах, але не выходзілі ў фінал, ёсць і фіналісты — Nuteki.


Праслухоўванне прэтэндэнтаў на "Еўрабачанне-2017" пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі ў адзін дзень — 30 лістапада. Глядзець яго можна будзе online. Імёны 15 фіналістаў, якія пазмагаюцца за паездку ў Кіеў, будуць вядомыя ўвечары таго ж дня.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі