На Гомельшчыне 21 чалавека пакаралі за самагубствы пенсіянераў

Пракуратура праверыла, як сацслужбы працуюць з пенсіянерамі на Гомельшчыне / pexels.com
Пракуратура праверыла, як сацслужбы працуюць з пенсіянерамі на Гомельшчыне / pexels.com

21 службовую асобу ўстаноў аховы здароўя і сацыяльнай абароны прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасці на Гомельшчыне. Гэта адбылося пасля таго, як пракуратура вобласці праверыла, як у рэгіёне ідзе работа па папярэджанні самагубстваў сярод пажылых людзей.

У пракуратуры заяўляюць, што прычынамі суіцыдаў сярод пенсіянераў становяцца сыход ад актыўнага сацыяльна-культурнага жыцця, зніжэнне фізічнай актыўнасці, цяжкая хвароба і адзінота. Прафілактыка ў гэтай сферы на Гомельшчыне, на думку пракурораў, наладжаная неадпаведным чынам. Пенсіянерам не прапаноўвалі псіхалагічную дапамогу, не імкнуліся выявіць асоб з групы рызыкі. "Нягледзячы на наяўнасць службаў бясплатнай псіхалагічнай падтрымкі ў людзей пенсійнага ўзросту, асабліва ў сельскай мясцовасці, адсутнічала культура звароту ў такія службы", — заяўляюць у пракуратуры.

Пракурорскія работнікі выявілі факты неналежнага аказання сацыяльных паслуг пажылым, якія ўчынілі самагубства. Таксама своечасова не прымаліся меры па лячэнні грамадзян з групы рызыкі ад алкагольнай залежнасці і спадарожных псіхатраўмуючых з'яў.

Паведамляецца, што нярэдка на суіцыд наважваліся людзі з цяжкімі захворваннямі, у тым ліку анкалагічнымі. "У такіх сітуацыях асаблівае значэнне мае аказанне якаснай паліятыўнай дапамогі, у якую ўваходзяць медыцынскія ўмяшанні, мерапрыемствы псіхалагічнага характару, а таксама меры сацыяльнай падтрымкі. У шэрагу выпадкаў аказаныя суб'ектамі прафілактыкі паслугі не адпавядалі патрабаванням заканадаўства", — канстатуюць у пракуратуры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі