Улады ўзяліся за прыватныя дамы састарэлых. Гісторыя знаходжання ў пансіянаце

"Еўрарадыё" даведалася, у якіх умовах там жывуць насельнікі і колькі гэта каштуе / pixabay
"Еўрарадыё" даведалася, у якіх умовах там жывуць насельнікі і колькі гэта каштуе / pixabay

Камітэт дзяржаўнага кантролю праверыў прыватныя пансіянаты для пажылых людзей у Мінскай вобласці і зрабіў справаздачу аб парушэннях, піша kopyl.by. Яны выявілі, што старым не хапала натуральнага святла, у памяшканнях было мала мэблі, у доме было недастаткова цёпла і дрэнна працавала вентыляцыя. Ляжачых насельнікаў не забяспечылі функцыянальнымі ложкамі і супрацьпролежневымі матрацамі. Гэта ўсё — парушэнні санітарных нормаў.

Частку недахопаў КДК аднёс да незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У прыватнасці, з прычыны таго, што хтосьці з персаналу не быў працаўладкаваны ў пансіянаце афіцыйна.

Пасля праверкі ўладальнік аднаго з пансіянатаў атрымаў штраф з канфіскацыяй даходу, "атрыманага ў выніку незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці". А ўладальнік будынка, у якім размяшчаўся пансіянат, павінен даплаціць падаходны падатак за плошчу, якая перавышае паказаную ў дамове арэнды. Акрамя гэтага, пансіянату трэба заплаціць дзяржаве больш за 8 000 рублёў за газ — яго пералічылі па кошце для юрыдычных асоб, і больш за 7 000 рублёў "за безуліковае спажыванне святла".

 

“Даверце ўжо нам за вашымі бацькамі падаглядаць”

У Мінскай вобласці ўсяго 23 пансіянаты для пажылых людзей, большасць — дзяржаўныя. Прыватных толькі дзевяць устаноў. "Еўрарадыё" даведалася, у якіх умовах там жывуць насельнікі і колькі гэта каштуе.

Тата пра пансіянат сказаў: "Я не думаў, што я на старасці гадоў буду жыць, як пан". Я некалькі разоў забірала маму і тату з пансіяната дадому на выходныя, але ім мяняць абстаноўку ўжо цяжка давалася, яны казалі: «Усё, паехалі дадому». Дадому — значыць, у пансіянат, — распавядае мінчанка Алена.

Власти взялись за частные дома престарелых. История пребывания в пансионате
Прыватныя дамы састарэлых нярэдка размяшчаюць у асабняках / domprestarelyh.by, фота ілюстрацыйнае

Аднойчы яна прыехала наведаць свякроў і заўважыла на пластыкавым посудзе сляды ад плаўлення на пліце. І зразумела: пакідаць старых без нагляду стала небяспечна. Ім ужо за 80, пачалі праяўляцца кагнітыўныя парушэнні. Так у сям'і Алены трое пенсіянераў паехалі жыць у пансіянат — і свякроў, і бацькі. Запрашаць у дом сядзелку яны адмаўляліся, а на дом састарэлых знянацку пагадзіліся.

Я прыняла рашэнне пасяліць іх у прыватны пансіянат. Мне здаецца, там дагляд лепей. Не ведаю, як у дзяржаўных, але чамусьці ўсе імкнуцца трапіць у прыватны. У калегі бацька быў у дзяржаўнай установе, і там яны таксама плацілі немалыя грошы. Гады два таму я плаціла за аднаго старога 800 рублёў у месяц, ён — каля 650. Гэта ўсё роўна дорага, — разважае жанчына.

Прыватны пансіянат уяўляў сабой невялікі катэдж на 20 чалавек. Большасць з іх — з дэменцыяй. У бацькоў быў акуратны і прасторны асобны пакой з відам на сад. У двары раслі фруктовыя дрэвы, стаялі альтанкі.

— Мае бацькі былі ў двух пансіянатах. Я іх пазней перавяла ў іншы, каб было бліжэй ездзіць. Я іх наведвала практычна кожны дзень — мне было галоўнае, каб яны былі пад наглядам, калі я на працы. На мяне нават кіраўніцтва жартам сварылася: маўляў, даручыце ўжо нам за вашымі бацькамі падаглядаць, — расказвае Алена. — Я бывала ў розных пансіянатах. Знайшла яшчэ адзін, прыгожы — раскошны асабняк з відам на раку. Туды сяброўка сваю маму адвезла. Там выходзіш на тэрасу — і адчуваеш сябе, як на курорце.

Бацькі Алены жылі ў пансіянаце больш за год. Іх пражыванне жанчына аплачвала з іх пенсіі, а суму, якой не хапала, даплочвала са сваіх грошай.

Хай у іх і пенсія была добрая, ды гэта ўсё роўна дорага. Яшчэ ж трэба нешта ў дадатак купляць, тыя ж лекі. Але мне ўсё адно здаецца, яно таго вартае, бо за такімі людзьмі павінны даглядаць прафесіяналы, — мяркуе мінчанка.

Власти взялись за частные дома престарелых. История пребывания в пансионате
Старыя, калі іх не наведваюць, сумуюць / pixabay

У пансіянат атрымалася трапіць не адразу — чарга была на 3 месяцы наперад.

Ацяпленне ў пансіянаце — цэнтральнае, калі было зусім холадна, то ставілі канвектары. Цёпла было заўсёды, коўдраў хапала, іх увесь час сціраюць. Вельмі чыста, кожны дзень вільготная ўборка з дэзінфекцыяй. Была свая кухня, свой кухар. Меню распісанае па днях — гэта негустыя супчыкі, кашкі, катлеты, галубцы. То бок, гэта такая працёртая, няцяжкая ежа. Распарадак дня ў кожнага свой. У першым пансіянаце быў камін, тэлевізар — старыя там маглі хоць цэлы дзень глядзець. Хтосьці чытаў, хтосьці свае размовы вёў — часам адны і тыя ж: забыліся — і па новай пракручваюць, і ўсім цікава, — жартуе жанчына.

За самаадчуваннем пажылых людзей у пансіянаце сачыла медсястра. Яна ж раздавала лекі, прадпісаныя доктарам — кожны дзень і ў належны час. І кантралявала, каб пенсіянеры прынялі таблеткі. Калі кагосьці з пансіяната на хуткай дапамозе адпраўлялі ў бальніцу, супрацоўнікі ўстановы суправаджалі яго.

Якія тут мінусы? Ежа па раскладзе, прыбяруць, памыюць. Калі пандэмія была, я ў масцы, са свежым вынікам тэсту магла наведваць бацькоў. Я пасябравала з сядзелкамі, мяне ўсё задавальняла. Мінус можа быць адзін — старыя, калі іх не наведваюць, сумуюць, — падагульняе Алена.

 

Колькі каштуюць дзяржаўныя інтэрнаты для састарэлых?

Прыватныя пансіянаты для састарэлых, зазвычай, размяшчаюцца ў невялікіх дамах на 20-30 чалавек. Цэны на пражыванне ў прыватных пансіянатах вар'ююцца ў залежнасці ад стану кліента. Стандартная пуцёўка для здольных да самастойнага абслугоўвання старых абыйдзецца ў 20-30 рублёў за дзень. За палепшаныя ўмовы або люкс прыйдзецца даплаціць — гэта да 50 рублёў. Для недзеяздольных або ляжачых, цяжкахворых спатрэбіцца 60-80 рублёў за суткі.

Власти взялись за частные дома престарелых. История пребывания в пансионате
Пакой у Дзяржаўным доме-інтэрнаце ў Астрашыцкім гарадку / comfort-life.by

Месяц пражывання ў псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў №1 у Астрашыцкім гарадку Мінскай вобласці па стандартным тарыфе абыйдзецца ў 645,60 рублёў. Гэта без уліку забеспячэння падгузнікамі, але з поўным даглядам.

Там жа, у Астрашыцкім гарадку ў Дзяржаўным доме-інтэрнаце "Камфортнае жыццё", разлічаным на 65 чалавек, стандартнае пражыванне каштуе 32,37 рублёў за суткі.

У Капыльскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў жывуць 85 чалавек. На платнай аснове туды можна трапіць за 29 рублёў 22 капейкі. Капыльская раёнка цытуе дырэктара ўстановы Віктара Гацілу:

— Для іх стварылі ўсе ўмовы: пражываюць яны ў асобных пакоях з улікам стану здароўя, узросту, полу, іх характару і, па магчымасці, адпаведна з іх асабістым жаданнем. Бясспрэчна, вельмі цяжка стварыць умовы хатняга ачага, але нашыя работнікі робяць усё магчымае, каб насельнікам хацелася жыць у гэтым доме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі