У Беларусі рэзка ўзрасла колькасць дзіцячых самагубстваў: у першай палове 2024 года ўжо зафіксавалі 18 выпадкаў (усяго на адзін менш, чым за ўвесь мінулы год). Асабліва трывожыць, што сярод іх ёсць дзеці, якім было ўсяго 10 гадоў.
Чаму гэта адбываецца? Як своечасова заўважыць трывожныя прыкметы і прадухіліць трагедыю? Пра што варта пагаварыць з дзіцем?
Адказы на гэтыя і іншыя пытанні даюць псіхолаг Таццяна Зарыцкая і псіхатэрапеўт Павел Перапёлкін у інтэрв'ю для Еўрарадыё.
Чаму здараюцца дзіцячыя суіцыды?
На думку экспертаў, галоўныя прычыны з'яўлення суіцыдальных намераў у дзіцяці — гэта праблемы, з якімі яно не можа справіцца само.
— Напрыклад, у дарослага чалавека ёсць рэсурсы і навыкі спраўляцца з праблемамі — у дзіцяці няма ні таго, ні другога. Каб лепш зразумець свае пачуцці і патрэбы, дзецям патрабуецца дапамога дарослых — так яно навучыцца вырашаць свае праблемы. Дзіцяці важна адчуваць, што яно любімае, важнае, патрэбнае, што яго зразумеюць і падтрымаюць — так дзіця паступова сфармуе ўнутраныя рэсурсы і навыкі вырашаць задачы, якія ставіць жыццё.
Эксперты кажуць, што ў дарослых не заўсёды ёсць магчымасць надаць час і ўвагу дзецям. Шмат у чым віной гэтаму могуць быць пераломныя для беларусаў 2020-я гады.
— Палітычныя і эканамічныя праблемы закранулі кожную сям'ю і фаняць у кожнай школе. Мы ўсе вельмі моцна перажываем з-за гэтых падзей, і груз гэтых праблем уплывае на атмасферу ў сям'і, у тым ліку і на дзяцей. Праз гэтага дзеці могуць адчуваць сябе пакінутымі, думаючы, што не маюць права абцяжарваць бацькоў сваімі клопатамі.
Якая група дзяцей у зоне рызыкі?
Эксперты сцвярджаюць, што самай вялікай рызыцы падвяргаюцца дзеці ў падлеткавым узросце. У гэты перыяд жыцця пачынаецца гарманальная і эмацыйная перабудова арганізма.
— Падлеткі знаходзяцца ў самым уразлівым становішчы. ПМС і крызіс сярэдняга ўзросту не ідуць у параўнанне з тым, як эмацыйна цяжка падлетку. Ён праходзіць важны этап самаідэнтыфікацыі, яму важна адчуваць сябе дарослым, нармальным, быць часткай групы (субкультуры). Акрамя гэтага, фізіялагічныя змены цела і знешнасці могуць палохаць і расчароўваць. На эмацыйную ўразлівасць накладваюцца патрабаванні ў школе, адказнасць за будучыню, а таксама патрэба ў зносінах з аднагодкамі і ў рамантычных стасунках.