На кастынг "Міс Беларусь" у Наваполацку таксама прыйшла толькі адна дзяўчына

Эльвіра Анціпава / фота з асабістага архіву дзяўчыны​
Эльвіра Анціпава / фота з асабістага архіву дзяўчыны​

У Наваполацку паўтарылася брэсцкая гісторыя з нежаданнем мясцовых дзяўчат удзельнічаць у конкурсе "Міс Беларусь". На гарадскі кастынг прыйшла толькі адна дзяўчына, паведамляе партал Gorod214.by.

Пазмагацца за званне "Міс Беларусь" наважылася толькі 20-гадовая Эльвіра Анціпава. Яна студэнтка, вучыцца на трэцім курсе БНТУ па спецыяльнасці "караблебудаванне і тэхнічная эксплуатацыя воднага транспарту".

Летась яна таксама ўдзельнічала ў картынгах, дайшла да паўфіналу, але конкурс адмянілі.

"Цяпер мне хочацца давесці да канца тое, што пачала", — расказала Эльвіра. Наперадзе яе чакае абласны этап. А ў Наваполацку тым часам вырашылі правесці яшчэ адзін кастынг.

Падобная гісторыя раней адбылася ў Брэсце: там на гарадскі адбор на "Міс Беларусь" таксама прыйшла толькі адна дзяўчына.  Хоць летась ахвотных адабрацца было адчувальна больш — да кастынгу дапусцілі 17 канкурсантак.

Нацыянальны конкурс "Міс Беларусь" праводзіцца ў Беларусі з 1998 года раз на два гады.  Фінальныя шоў неаднаразова наведваў Аляксандр Лукашэнка. У 2016 годзе нават выступіў са сцэны конкурсу і заявіў, што фіналісткі "змогуць удзельнічаць у "вялікай палітыцы". "Таму што прыгажосць непераадольная, прыгажосць немагчыма стрымаць — ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні ў жыцці", — патлумачыў тады сваю ідэю Лукашэнка.

На кастинг "Мисс Беларусь" в Новополоцке тоже пришла только одна девушка
Аляксандр Лукашэнка з фіналісткамі конкурсу "Міс Беларусь — 2016" / прэс-служба кіраўніка РБ

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі