На месцы пікета ў падтрымку Ціханоўскай у Оршы нечакана пачаўся рамонт
Чарговы пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай спрабуюць сарваць мясцовыя ўлады. На гэты ра — у Оршы.
Сёлета ў горадзе пад выбарчую вулічную агітацыю гарадскія ўлады вылучылі толькі тры пляцоўкі. Толькі адна з іх недалёка ад цэнтра горада — каля Кургана Неўміручасці.
25 ліпеня тут адбыўся вялікі мітынг з удзелам Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала.
Наступны пікет у падтрымку кандыдаткі ў прэзідэнты быў прызначаны на 6 жніўня. Але за дзень да пікета камунальнікі абгарадзілі Курган і пачалі рамонтныя работы, піша сайт orsha.eu.
Праўда, па словах мясцовых жыхароў, рабочыя проста імітуюць працу: спярша разбіраюць плітку, а праз нейкі час кладуць яе назад. Давераныя асобы Ціханоўскай за суткі не змаглі атрымаць выразнага адказу ад супрацоўнікаў выканкама, ці можна правесці пікет каля агароджанай тэрыторыі.
За апошнія дні пікеты ў падтрымку Ціханоўскай зрывалі ў некалькіх гарадах — Стоўбцах, Слуцку, Салігорску. Сёння ўлады сарвалі вялікі пікет у Мінску, ананасаваны за некалькі дзён.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.