На польскай мяжы паказалі, як будуць правяраць адбіткі пальцаў (фота)
Дэманстрацыя новай прапускной сістэмы з выкарыстаннем біяметрычных візаў прайшла ў пункце пропуску “Кузніца”.
Польскія памежнікі паказалі, як будуць правяраць адбіткі пальцаў у беларускіх турыстаў. Дэманстрацыя новай прапускной сістэмы з выкарыстаннем біяметрычных візаў прайшла ў пункце пропуску “Кузніца" ў чацвер.
З 23 чэрвеня генеральныя консульства Польшчы ў Беларусі пачнуць выдаваць біяметрычныя візы. Каб іх атрымаць, неабходна пакінуць адбіткі пальцаў пры падачы дакументаў у самым замежным прадстаўніцтве. Таксама іх правераць і пры перасячэнні мяжы. Як распавёў камендант Падляскага аддзялення памежнай службы Анджэй Рытвiньскi, большасць тых, хто перасякае мяжу ў Падляскім ваяводстве, беларусы. Па гэтай прычыне дадатковых праблем з біяметрычнымі дадзенымі паўстаць не павінна.
На мяжы пры праверцы адбіткаў пальцаў памежнікі будуць карыстацца стацыянарнымі і пераноснымі сканарамі. Першыя будуць стаяць у акенцах, а іншыя — выкарыстоўвацца на ўсёй тэрыторыі пункта пропуску і сканаваць толькі адзін адбітак пальца. Напрыклад, яны спатрэбяцца пры пропуску грузавікоў, пасажырскіх цягнікоў і аўтобусаў.
Адмовіцца ад праверкі адбіткаў пальцаў турысты не змогуць. Цяжкасці ў перасячэнні мяжы могуць узнікнуць ў тых, у каго пальцы будуць пашкоджаныя або недаступныя з-за гіпсу. Здаваць біяметрычныя дадзеныя не будуць толькі турысты, якія праязджаюць мяжу па нацыянальных польскіх візах, а таксама дзеці да 12 гадоў.