Нацбанк расказаў, што будзе са стаўкай рэфінансавання ў 2024 годзе
Нацбанк
Нацбанк у 2024 годзе не плануе паніжаць стаўку рэфінансавання. Пра гэта заявіў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі Нацбанка Андрэй Кацегаў падчас канферэнцыі "Рэспубліканскі клуб дырэктараў".
Цяпер стаўка рэфінансавання складае 9,5%. Адказваючы на пытанні, Кацегаў паведаміў, што сёлета наўрад ці варта чакаць яе змянення і "арыентавацца трэба на верхнюю лічбу".
"Як мінімум у ніжні бок дакладна не, ну, верагоднасць вельмі нізкая. У верхні [бок] — таксама верагоднасць невысокая, але яна ёсць. Я б сказаў так. Гаворка не ідзе пра нейкія значныя або вялікія перагляды. Калі вы закладваеце ў свой бізнес праекты, [складаеце] бізнес-планы, то лепш арыентавацца на бягучы памер стаўкі рэфінансавання", — цытуе "Зеркало" словы прадстаўніка Нацбанка.
Раней у Нацбанку прагназавалі стаўку рэфінансавання на ўзроўні 9-9,5% гадавых у сярэднім за 2024 год.
Як вядома, да стаўкі рэфінансавання прывязаныя выплаты адсоткаў па некаторых крэдытах. У 2023 годзе яна зніжалася шэсць разоў.
Цяпер у насельніцтва Беларусі фіксуецца крэдытны бум. Нацбанк занепакоены тым, што некаторыя пазычальнікі набралі шмат крэдытаў і не могуць іх пагасіць. Таму рэгулятар падрыхтаваў змены па крэдытах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.