Нацбанк выпускае ў абарачэнне манеты “Шлях Скарыны. Вільня” (фота)

Нацбанк выпускае ў абарачэнне манеты “Шлях Скарыны. Вільня” (фота)

Нацыянальны банк Беларусі выпускае ў абарачэнне памятныя манеты “Шлях Скарыны. Вільня”. Адна з іх срэбная з наміналам 20 рублёў, іншая — медна-нікелевая з наміналам 1 рубель. Наклад першай складае 2 тысячы асобнікаў, другой — тры тысячы. Яны былі адчаканены на Літоўскім манетным двары і з'яўляюцца законным плацёжным сродкам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармуе прэс-служба Нацбанка.

На аверсе манет пад рэльефнай выявай герба і надпісам “Рэспубліка Беларусь” змешчана цытата з “Малой падарожнай кніжкі” славутага беларускага асветніка Францыска Скарыны, а таксама фрагменты ілюстрацый з яе. На рэверсе — выява Божай Маці з немаўлём з “Малой падарожнай кніжкі” на фоне панарамы Вільні з гравюры XVI стагоддзя, надпісы “Шлях Скарыны” і “Вільня”, ды дэкаратыўныя элементы з выдання.

Еўрарадыё даведалася, што такая памятная манета каштуе 103 рублі, купіць яе можна будзе з 15 жніўня. Раней у скарынаўскай серыі выходзілі манеты "Полацк", "Прага", "Падуя", "Венецыя" і "Кракаў".

Як вядома, у Беларусі адзначаюцца 500-я ўгодкі кнігадруку. 6 жніўня 1517 года Францішак Скарына выдаў у Празе першую частку з 20 кніг Старога Запавету ў перакладзе на беларускую версію царкоўнаславянскай мовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі