Нацбанк з 23 сакавіка ўводзіць у абарачэнне абноўленыя банкноты
Нацбанк Беларусі з 23 сакавіка ўводзіць у абарачэнне абноўленыя банкноты ўзору 2009-га наміналам 20 і 50 рублёў. Яго прэс-служба паведамляе, што яны забяспечаны дадатковым вадзяным знакам, маюць больш шырокую ахоўную нітку. Банкноты наміналам 50 рублёў маюць выявы з колерапраменным эфектам. Гэтыя навінкі мусяць узмацніць "ахоўны комплекс" банкнот.
Таксама ўнесены змены і ў дызайн. З банкнот знік подпіс старшыні праўлення Нацбанка, 2009 год замянілі 2020-м, надпіс "пяцьдзесят" замянілі на "пяцьдзясят". Унесены карэктывы ў выявы архітэктурных збудаванняў, былі пазначаны іх назвы.
Паведамляецца, што абноўленыя банкноты надрукавалі ў Расіі. Банкноты наміналам 20 і 50 рублёў, выпушчаныя ў 2009 годзе, застаюцца законным плацёжным сродкам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.