Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтвы патрабуюць адхіліць Расію ад Алімпіяды

Нацыянальныя антыдопінгавыя агенцтвы патрабуюць адхіліць Расію ад Алімпіяды

Нацыянальныя антыдопінгавыя арганізацыі (NADO) 17 краін патрабуюць адхіліць Расію ад удзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года, перадае Бі-Бі-Сі.

У сумеснай заяве змагароў з допінгам гаворыцца, што адмова Міжнароднага Алімпійскага камітэта "прыцягнуць Расію да адказнасці за адзін з самых вялікіх скандалаў у гісторыі спорту... ставіць пад удар чыстых спартоўцаў і будучыню алімпійскага руху". Яны патрабуюць пакараць Расію за даказаныя допінгавыя парушэнні на Сочынскай Алімпядзе 2014 года. 

Таксама ў заяве гаворыцца пра сур'ёзныя сумневы ў чысціні будучых Гульняў у Пхенчхане з-за "незавершанага расследавання пра ўжыванне допінгу расійскімі атлетамі на Алімпіядзе 2014 года ў Сочы і дадзеных аб некарэктным тэставанні расійскіх атлетаў за апошнія чатыры гады".

Як вядома, у снежні 2016 года канадскі юрыст Рычард Макларэн са сваёй камандай экспертаў абнародаваў другую частку дакладу для Сусветнага антыдопінгавага агенцтва. Даклад датычыў допінгу ў расійскім спорце. Паводле яго, у маніпуляцыях з допінг-пробамі з 2011 па 2015 год ўдзельнічалі больш за тысячу расійскіх спартоўцаў. Маштабная допінгавая сістэма з дапамогай дзяржавы дзейнічала ў больш як 30 відах спорту.

Расійскія чыноўнікі адпрэчваюць усе абвінавачванні, абнародаваныя ў дакладзе Макларэна.

Па выніках дакладу ВАДА рэкамендавала адхіліць Расію ад удзелу ў Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра. Міжнародны Алімпійскі камітэт, аднак, вырашыў не адхіляць расійскую зборную ад гульняў у Рыа, а дазволіў вырашаць спартовым федэрацыям.

У выніку да ўдзелу ў гульнях былі дапушчаныя каля 270 расійскіх спартсменаў. Цалкам была адхіленая ад удзелу ў гульнях зборная Расіі па лёгкай атлетыцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі