Намеснік камандзіра палка Каліноўскага выказаўся пра заявы Лукашэнкі
Вадзім Кабанчук ("Ігар") / t.me/belwarriors
Намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук у інтэрв'ю Радыё Свабода выказаўся пра сённяшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасці, пра тое, што ўлады Украіны вельмі холадна ставяцца да падраздзялення ("прэзідэнт Зяленскі іх на вазку па хакейнай пляцоўцы катаць не будзе").
"У мяне такое ўражанне, што ён спіць з прывідамі каліноўцаў, якія пераходзяць мяжу і лезуць у вакно ягонай рэзідэнцыі, — кажа Кабанчук. — Амаль штотыдзень ці ён, ці ягоная прапаганда згадваюць нас..."
Выказаўся Вадзім Кабанчук і пра тое, што ў віншаванні з гадавінай паўстання Каліноўскага Уладзімір Зяленскі не згадаў Беларусь. "Мне па-чалавечы гэта таксама непрыемна, — кажа каліновец. — Але так склалася грамадская думка ва Украіне, і публічныя палітыкі, якім з'яўляецца ў тым ліку прэзідэнт Украіны, яны крочаць і сочаць за рэйтынгамі. Зараз сказаць нешта добрае ў бок беларусаў — гэта мавэтон... Тое, што не ўзгадалі беларусаў, гэта наступства таго, што Беларусь — суагрэсар. Сярэдняму ўкраінцу вельмі цяжка разбірацца, што ёсць добрыя беларусы, што ёсць кепскія беларусы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.