Не казачнікі GROOVE DEALERS сыграюць "выйграны" сольнік у клубе RE:PUBLIC

Не казачнікі GROOVE DEALERS сыграюць "выйграны" сольнік у клубе RE:PUBLIC

У суботу 20 студзеня ў клубе RE:PUBLIC — першы вялікі сольнік надзеі беларускага фанка — GROOVE DEALERS. Усіх, хто прыйдзе, гурт збіраецца "адправіць праміком у Каліфорнію" і акунуць у "бязлітасную атмасферу фанка, міра і сяброўства".


Але галоўнае, каманда прадставіць прыхільнікам новы сінгл "Быть беде" і сыграе некалькі песень з будучага альбома, над якім цяпер вядзецца актыўная праца.

"Фанк — гэта не музыка хлопчыкаў-зайчыкаў. Ды і наогул, мы, вядома, за пазітыў, але наша дабро з кулакамі, як казаў класік. Мы стараемся данесці сваёй музыкай думку пра тое, што чалавек павінен быць сабой, павінен адкрывацца, быць больш гуманным. Але мы не гурт Navi: мы не казачнікі і не жывём у нейкай чароўнай Нарніі. Калі, напрыклад, пачытаць тэксты ў адрыве ад музла, то там не вельмі ўсё салодка будзе. У мяне лірычны герой пастаянна то шалее ад нечага, то меланхолія, то трапляе ў нейкія калатнечы — яно само неяк атрымліваецца, я не вінаваты. Мы кажам ўсё так, як ёсць, проста стараемся атрымаць з гэтага нешта добрае", — распавядае ў вялікім інтэрв'ю "Першаку" вакаліст гурта Мікіта Буба.


Гурт грае два гады як у падвальных беларускіх клубах, так і на вядомых пляцоўках кшталту FSP ці байк-фэста ў Лагойску. У планах — тур па гарадах Беларусі, а яшчэ выступы на фэстах "Рок за Бобров" і Coachella.

Дарэчы, канцэрт у RE:PUBLIC гурт GROOVE DEALERS... выйграў у конкурсе, які ладзіў клуб! Уваход бясплатны. Ганаровыя госці, якія выйдуць на сцэну — bigband TomatoJam, Wasp"n"Hornet і Black Buttons.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі