Не хопіць месца ў гатэлі. Польшча адгаворвае беларусаў ехаць на тэнісны турнір
Беларусаў і расіян спрабуюць адгаварыць ад удзелу ў двух тэнісных турнірах, якія ў найбліжэйшы час пройдуць у Польшчы. Гаворка ідзе пра мужчынскі турнір серыі "Чэленджэр" у польскіх Казерках, які стартуе 14 жніўня, а таксама турніры WTA 125, арганізаваны Польскай тэніснай асацыяцыяй.
Арганізатары мужчынскага турніру звярнуліся да расійскіх і беларускіх спартсменаў з просьбай не падаваць заяўкі. Але забараніць удзел спартоўцам, якія выступаюць пад нейтральным сцягам, яны не могуць.
— Мы не можам забараніць прыязджаць рускім ці беларусам, факт. У нас няма інструментаў. Але мы можам адгаварыць іх, — кажа стваральнік спартыўнага цэнтра ў Казерках Яраслаў Левандоўскі ў інтэрв'ю польскаму выданню "Выборча". — Напрыклад, прапанаваць пражыванне далей ад кортаў, бо ў нашым гатэлі для іх можа не хапіць месцаў. Такі астракізм і патэнцыйныя цяжкасці могуць зрабіцца прычынай выбару іншага турніру.
З пачаткам вайны ва Украіне беларускія спартсмены аказаліся недапушчанымі да аднаго з найбуйнейшых тэнісных турніраў ва Уімблдоне. Але сёлета гульцы з Беларусі і Расіі змаглі выступаць у ім пад нейтральнымі сцягамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.