"Не трэба ладзіць вэрхал" — Качанава выказалася пра пратэсты медыкаў

Наталля Качанава / з архіву БЕЛТА
Наталля Качанава / з архіву БЕЛТА

Пра пратэсты медыкаў гаворка ішла на спецыяльнай нарадзе з удзелам кіраўнікоў медустаноў. На нарадзе прысутнічала і старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Абмяркоўвалі каранавірус і актуальную сітуацыю. Аўдыёзапіс з сустрэчы з'явіўся ў телеграм-канале медыцынскай супольнасці "Белыя халаты".

"Дыялогу на вуліцах не будзе — папярэдзьце іх. Калі хто-небудзь хоча выказаць сваё меркаванне, калі ласка, мы гатовы да дыялогу. Але не ў фармаце гэтых выхадаў і пратэстаў!", — сказала яна.

Спікер верхняй палаты парламента зноў казала пра дыялогавыя пляцоўкі і пра тое, што вышэйшыя службовыя асобы, у тым ліку яна асабіста, гатовы прыязджаць у паліклінікі ці бальніцы і размаўляць, "калі ёсць нейкая патрэба".

"Але на вуліцы мы не пойдзем з імі размаўляць", — падкрэсліла Качанава.

Яна прызналася, што не разумее, чаму лекары выходзяць на вуліцы. "Калі дарослыя людзі займаюцца гэтым, на мой погляд, гэта няправільна", сказала яна.

На рэпліку пра затрыманні медыкаў спікер верхняй палаты парламента адрэагавала заўвагай, што затрымліваюць "не за перакананні, яны ў кожнага могуць быць свае, за парушэнні закона!".

"Павага да законаў абавязкова для ўсіх. Не трэба ладзіць вэрхал! Усе гэтыя мірныя акцыі ні да чаго добрага не прыводзяць", — сказала Качанава.

Тое, што адбываецца "не ўпрыгожвае сістэму аховы здароўя", адзначыла яна і параіла галоўным лекарам працаваць з калектывамі, таму што "кіраўнік роўна ідэолаг".

Пасля жнівеньскіх падзей, калі медыкі ўбачылі траўмы пратэстуючых, атрыманыя ў РУУС і ў ІЧУ на Акрэсціна, яны актыўна ўключыліся ў пратэстныя акцыі. Выступалі супраць гвалту. Медыкаў пачалі затрымліваць, тады на акцыі салідарнасці сталі выходзіць іх калегі. І зноў былі затрыманні. 7 лістапада медыкі нават не паспелі сабрацца — у месцы збору, каля 1-й гарадской клінічнай бальніцы, было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек. Частку з іх, у тым ліку вядомых дактароў, адправілі на суткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі