Новым прэзідэнтам Латвіі абраны міністр абароны Райманд Веёніс
Дэпутаты Сейма мусілі правесці пяць тураў галасавання, каб абраць новага кіраўніка краіны.
Дэпутаты Сейма Латвіі пасля пяці тураў галасавання 3 чэрвеня нарэшце выбралі новага прэзідэнта краіны. Як паведамляе rus.delfi.lv, ім стаў міністр абароны Райманд Веёніс. На пасаду прэзідэнта яго вылучыў Саюз "зялёных" і сялян.
Каб стаць прэзідэнтам, кандыдат мусіў атрымаць не менш за 51 голас са ста дэпутатаў Сейма. За Веёніса прагаласавалі 55 дэпутатаў.
Прэм'ер-міністр Лаймдота Страуюма ў тэлеэфіры паведаміла, што яшчэ месяц Веёніс будзе выконваць абавязкі міністра абароны.
Веёніс нарадзіўся ў 1966 годзе ў Пскоўскай вобласці Расіі. Ён быў міністрам аховы асяроддзя і рэгіянальнага развіцця ў некалькіх ўрадах. Мае ступень магістра біялогіі, якую атрымаў у Латвійскім універсітэце.
Фота — LETA