Новыя падрабязнасці аб уцечцы сакрэтных дакументаў — 414-я раніца вайны
Адзін з сакрэтных дакументаў сцвярджае, што вайна можа не скончыцца сёлета / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Да жорсткага забойства ўкраінскага ваеннапалоннага датычная група "Вагнер", заявіў заснавальнік арганізацыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін. Ён распавёў, што звязаўся былым байцом "Вагнера" Андрэем Мядзведзевым, які збег у Нарвегію. Мядзведзеў апазнаў на відэазапісе сваіх таварышаў па службе.
"Ён адназначна апазнае там сваіх калегаў, байцоў прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер" па характэрных пазыўных, па тым, як яны размаўляюць, па тым, што яны агучваюць па рацыі", — цытуе Асечкіна УНІАН. Нагадаем, днямі ў сетцы з'явілася відэа пакарання меркавана ўкраінскага вайскоўца. Яму адразаюць галаву. Людзі, якія гэта зрабілі, размаўлялі па-руску і мелі белыя павязкі на рукавах. Такія выкарыстоўваюць расійскія байцы. Напярэдадні Служба бяспекі Украіны пачала дасудовае расследаванне па гэтым факце паводле ч. 2 арт. 438 Крымінальнага кодэкса — "парушэнне законаў і звычаяў вайны".
Працягваецца яшчэ адна гучная гісторыя — з уцечкай дакументаў з Пентагона. Reuters са спасылкай на гэтыя дакументы піша, што, паводле звестак амерыканскай выведкі, расійска-ўкраінская вайна можа не скончыцца сёлета, а бітва за Данбас можа зайсці ў тупік.
"Упартая расійская кампанія знясілення сіл на Данбасе, хутчэй за ўсё, зойдзе ў тупік, што будзе перашкаджаць дасягненню мэты Масквы — захапіць увесь рэгіён у 2023 годзе", — гаворыцца ў дакуменце ад 23 лютага 2023 года. Пры гэтым Reuters падкрэслівае, што агенцтву не ўдалося незалежна пацвердзіць сапраўднасць гэтых апублікаваных у сетцы дакументаў. Тым часам міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў заявіў, што нават праўдзівая сакрэтная інфармацыя, якая была апублікаваная ў гэтых дакументах, больш не актуальная. Пра гэта ён заявіў падчас візіту ў Мадрыд, піша Sky News. Паводле Рэзнікава, апублікаваныя дакумэнты — гэта сумесь праўдзівай і ілжывай інфармацыі.
Між тым ЗША і Латвія пацвердзілі, што адправілі ва Украіну сваіх вайскоўцаў. Аднак у баявых дзеяннях супраць расяін яны не ўдзельнічаюць. Гэтыя каментары з'явіліся таксама пасля ўцечкі сакрэтных дакументаў. У адным з іх гаварылася, што ў лютым і сакавіку ва Украіне нібыта знаходзіліся 50 брытанскіх спецназаўцаў. Прадстаўнік Белага дома Джон Кірбі распавёў у каментары Fox News, што "у амбасадзе ёсць невялікая вайсковая прысутнасць ЗША, якая працуе разам з офісам аташэ ў пытаннях абароны". Гэтыя вайскоўцы, са слоў Кірбі, дапамагаюць у працы "над падсправаздачнасцю абсталявання, якое паступае ва Украіну і пакідае яе". Што тычыцца Латвіі, то Міністэрства абароны гэтай краіны заявіла, што вайскоўцаў адправілі ва Украіну для выканання пэўных дапаможных задач: аховы амбасады Латвіі ва Украіне і аховы грузаў, піша Delfi.
УСУ гатовыя да контрнаступлення на 90%, лічыць былы дарадца офіса ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч. На яго думку, украінскае войска стрымлівае толькі дажджлівае надвор'е, якое перашкаджае перамяшчэнню танкаў. Па словах Арастовіча, каб грунт дастаткова прасох, неабходна "2-3 тыдні" сонечнага надвор'я. Яго меркаванне прыводзіць УНІАН.
За мінулыя суткі расіяне нанеслі па тэрыторыі Украіны 2 ракетныя і 32 авіяцыйныя ўдары, здзейснілі больш за 40 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. Білі і па пазіцыях украінскіх войскаў, і па грамадзянскай інфраструктуры. Ёсць загінулыя і параненыя сярод цывільных. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.
"Нягледзячы на шматлікія страты ў тэхніцы і жывой сіле акупанты працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках", — адзначаецца ў зводцы. На гэтых кірунках сілы абароны Украіны адбілі за суткі больш за 45 расійскіх нападаў.
Да 82% параненых і хворых украінскіх ваенных пасля лячэння вяртаюцца ў строй, кажа прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі медыцынскіх навук (НАМН) Віталь Цымбалюк. Паводле яго, у аснову вайскова-мэдычнай дактрыны Украіны пакладзены ізраільскі прынцып.
"Усе грамадзянскія бальніцы на перыяд вайны становяцца такімі ж ваеннымі шпіталямі. І гэта дало вынік — да 82% параненых і хворых вайскоўцаў вяртаюцца ў строй", — сказаў Цымбалюк. 80% параненых на працягу так званай залатой гадзіны атрымліваюць належную дапамогу. Па стане на красавік 2023 года смяротнасць украінскіх вайскоўцаў на этапе эвакуацыі паменшылася да 1,35%.
У Польшчы гатовыя адкрыць заводы па вытворчасці боепрыпасаў з збедненым уранам для танкаў Abrams. З такой прапановай выступіў прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі, паведамляе Польскае агенцтва прэсы. Маравецкі растлумачыў, што цяпер самая вялікая праблема на фронце — недахоп боепрыпасаў. Таксама ён прапанаваў стварыць у Польшчы заводы, якія будуць абслугоўваць і рамантаваць танкі Abrams для ўсёй Еўропы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.