Новыя песні The Toobes можна будзе граць у пад’ездах (3-хвілінны тызер)
Музыкі мяркуюць, што пласцінка атрымалася вельмі меладычнай і англійскай па духу.
Мінскае трыа The Toobes прадстаўляе на Еўрарадыё тызер свайго новага альбома “Road to the Big Time”.
Гітарыст гурта, Канстанцін Пыжоў, кажа, што “Тубсаў” не раз папракалі ў няўменні пісаць мелодыі. Таму музыкі вырашылі зрабіць сабе выклік і загучаць па-новаму:
“Цягам гэтых 8 гадоў мы развівалі ў сабе такую здольнасць, як сачыненне песень з мелодыямі. І вось альбом — гэта выніковая праца, дзе шмат розных мелодый, якія чапляюцца, якія можна наспяваць, сыграць на любой гітары ў пад’ездзе. То бок, ухіл быў зроблены менавіта на гэта, каб песні былі менавіта песнямі ў першую чаргу, а потым ужо практыкаваннямі ці рыфамі”.
Апроч разнастайных мелодый, на кружэлцы The Toobes актыўна выкарыстоўваюць вакальныя распеўкі, каб дыск гучаў яшчэ багацей.
Альбом, які, па словах Косці, атрымаўся англійскім па духу, распавядае пра ўнутраны свет гурта:
“Кружэлка пра сябе, пра нас. Мы хочам поспеху, далейшага развіцця, прыгодаў. І мы спяваем пра прыгоды. Пра тое, што мы перажываем. Пра наш унутраны свет”.
Дыск складаецца з 11 песень. Некалькі з іх былі напісаныя яшчэ ў 2007-2008 гадах, але толькі цяпер, кажа Косця, яны загучалі так, як падабаецца самім музыкам. Канчатковая версія альбома (а ён перапісваўся некалькі разоў) была запісаная ў мінскай студыі Mapple Tree. Звядзеннем, традыцыйна для The Toobes, займаўся сам Канстанцін Пыжоў. Гітарыст расказвае, што спачатку гурт працаваў з польскім саўнд-прадзюсарам. Аднак матэрыял выходзіў цалкам іншы. Таму, улічваючы, атрыманы досвед, “Тубсы” усё ж спыніліся на ўласных адчуваннях і густах.
“Гітары столькі ж, колькі звычайна, — смяецца Косця, які лічыць, што хваля рэвайвл-рока, на якой выплылі ў свой час The Toobes, сышла і існуе ў іншым выглядзе, дзе менш гітар, а больш мелодый. — Проста я па-іншаму падышоў да выканання. Акцэнт быў зроблены не на тое, каб яна гучала максімальна жорстка ці шчыльна, а каб гучала прыгожа. Альбом прыгожы, я так яго называю”.
Інтэрнэт-прэзентацыя альбома The Toobes адбудзецца 25 кастрычніка. 20 лістапада ў мінскім Prime Hall пройдзе канцэртная прэм’ера “Road to the Big Time”. Разам з The Toobes на сцэну выйдзе гурт Akute, які ў сваю чаргу пакажа новы кліп на песню “Сцены”.