Нойз, дым і цемра ў Re: public (фота)

Канцэртнае агенцтва Wake Up! Agency працягвае радаваць беларускую публіку — гэтым разам у мінскім Re: public напусцілі дыму і шуму нью-ёркцы A Place to Bury Strangers. Сумесь выбуховага нойза, шузейза і пост-рока — не самая звычайная з’ява для мінскіх пляцовак, таму, верагодна, у зале выпадковых людзей не было, тым больш, што у той жа вечар можна было паслухаць больш звыклых айчыннаму вуху “Аддис Абебу” альбо новую інкарнацыю праекта Піта Паўлава “Жывы гук он-лайн.

Наведвальнікі прыбываюць у клуб падрыхтаванымі з веданнем справы: з запасам ваты ў кішэнях, каб супрацьстаяць “гукавой сцяне”. Праўда, у выніку затыкаць вушы не даводзіцца, штатных кілаватаў Re: public і так відавочна малавата.

Беларусы “Петля пристрастия” пачынаюць канцэрт 40-хвілінным сэтам, у фінале якога фронтмэн гурта Ілля Чарапко-Самахвалаў прызнаецца, што ледзь не трашчыць ад замілавання, слухаючы амерыканскіх гасцей і некалькі разоў паўтарае, што яму “вельмі шкада тых, каго сёння тут няма”.

І сапраўды, адна з асноўных канцэртных пляцовак сталіцы наўрад ці бачыла такое дагэтуль. A Place to Bury Strangers пазбаўляюць залу прывычнага святла, пакідаючы толькі канцэнтраваныя промні, напампоўваюць шчыльнага дыму да столі і заліваюць гэта касмічнымі шумамі. Цяпер можна заплюшчваць вочы і калыхацца на хвалях усяго гэтага містычнага вар’яцтва і чыстых эмоцый.

Петля пристрастия

A Place to Bury Strangers

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі