Па справе бізнесменаў Япрынцавых дапытаюць Юрыя Чыжа
Па справе бізнесменаў Уладзіміра і Казбека Япрынцавых дапытаюць Юрыя Чыжа, які з сакавіка знаходзіцца за кратамі. Пра гэта стала вядома ў панядзелак, калі ў Цэнтральным судзе сталіцы пачаўся гучны працэс. Па справе праходзяць трое абвінавачаных — згаданыя бацька і сын Япрынцавы, а таксама намеснік гендырэктара кампаніі "ТМСТ" Аляксандр Арабян. Іх абвінавачваюць у махлярстве, здзейсненым групай асоб ці ў асабліва буйным памеры. Сваёй віны яны не прызнаюць, інфармуе БелаПАН.
Вядома, што ў якасці пацярпелага таксама дапытаюць расійскага бізнесмена Юрыя Савяка (не раней за 14 ліпеня, паколькі ён знаходзіцца ў ЗША). Менавіта з ім у 2013 годзе Казбек Япрынцаў заключыў кантракт на пастаўку 20 тысяч тон мазута на агульны кошт 10 млн долараў. Аднак кантракт не быў рэалізаваны, перадаплата ў памеры 9 млн долараў не была вернутая.
Агульныя страты, нанесеныя абвінавачанымі сваім дзелавым партнёрам, склалі каля 31 млн долараў.
Уладзімір і Казбек Япрынцавы знаходзяцца за кратамі з лета 2015 года. Уладзімір Япрынцаў быў намеснікам Юрыя Чыжа ў "Трайпле". У мінулым Япрынцаў — вядомы спартсмен, заслужаны трэнер нашай краіны.
Фотафакт: да суда, дзе ідзе працэс над Япрынцавымі, прыйшлі дзясяткі спартсменаў