Пачынаецца чарговы суд над палітзняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк
Паліна Шарэнда-Панасюк
У панядзелак пачынаецца чарговы судовы працэс над палітзняволенай Палінай Шарэнда-Панасюк. Паводле звестак брэсцкіх праваабаронцаў, пасяджэнне пройдзе ў судзе Рэчыцкага раёна ў адкрытым рэжыме. Актывістку з Брэста зноў абвінавачваюць у злосным непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі (ч.1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса).
Нагадаем, Паліну судзілі ў 2021 годзе за нібыта гвалт і абразу міліцыянтаў, а таксама за абразу Лукашэнкі, прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Пазней адбыўся суд паводле артыкула 411 КК, актывістцы дадалі яшчэ 1 год калоніі. Цяперашні суд стане ўжо трэцім і другім паводле арт. 411 КК
Праваабаронцы адзначаюць, што ў Паліны на дадзены момант ёсць праблемы са здароўем. У жніўні яна аб'яўляла галадоўку, патрабавала больш чалавечых умоваў бытавога ўтрымання. Кантактаў з роднымі няма ўжо паўгода. Перадачы таксама не даходзяць. У верасні палітзняволеную наведаў адвакат, які даведаўся пра "перадачу" ад невядомага. Гэта быў мяшок сапсаваных яблыкаў, які важыў 30 кг — роўна столькі, колькі даецца на месяц для перадач ад сваякоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.