Падчас сустрэчы "Рамштайн" не дамовіліся пра танкі для Украіны

Танкі "Леапард" / dpa
Танкі "Леапард" / dpa

На пасяджэнні кантактнай групы па абароне Украіны ("Рамштайн") 20 студзеня абмяркоўваўся дазвол на рээкспарт нямецкіх танкаў Украіне, але ніякага рашэння не прынялі. Пра гэта паведаміў міністр абароны Германіі Барыс Пісторыўс, перадае hromadske.ua.

Па словах Пісторыўса, ёсць важкія прычыны "за" і "супраць" адпраўкі танкаў Украіне. Пры гэтым Германі гатовая "дзейнічаць хутка", калі будзе дамоўленасць з саюзнікамі. Уражанне, быццам Германія блакуе гэтае рашэнне, міністр назваў памылковым.

Таксама Пісторыўс загадаў праверыць наяўнасць і колькасць танкаў "Леапард". Па яго словах, гэта падрыхтоўка да дня, які можа наступіць. "Тады мы зможам неадкладна аказаць падтрымку за кароткі час, калі гэтае рашэнне будзе прынятае Германіяй і трансатлантычнымі партнёрамі", — прыводзіць яго словы Мінабароны Германіі.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў саюзнікаў на пасяджэнні "Рамштайн" паскорыцца і пачаць прынцыповае забеспячэнне, а не гандлявацца пра колькасць танкаў.

У Мінабароны Украіны назвалі пажаданыя прыярытэты ў пастаўках: больш сістэм супрацьпаветранай абароны, зброя для наступальных дзеянняў (танкі, гаўбіцы, боепрыпасы), сістэматычная пастаўка боепрыпасаў, абслугоўванне і рамонт узбраення і тэхнікі.

Раней Польшча заявіла, што гатовая перадаць Украіне роту нямецкіх танкаў "Леапард". Такую ж гатоўнасць выказалі і некаторыя іншыя краіны. Але гэтае рашэнне патрабуе ўзгаднення з Германіяй. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі