Падрабязнасці жорсткага забойства Юліі Саламацінай
26-гадовы абвінавачаны і яго маці прызналіся ў забойстве, але на судзе гаварыць адмовіліся. Пракурор зачытаў паказанні з матэрыялаў жудаснай справы.
Суд па нашумелай справе пачаўся ў Мінску 22 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна. На паседжанне прыйшлі родныя загінулай і яе маці, а таксама журналісты. Абвінавачваны ў жорсткім забойстве 18-гадовай Юліі Саламацінай Павел Цыняўскі і яго маці Галіна сядзяць у клетцы.
Маладога чалавека абвінавачваюць не толькі ў забойстве, але і ў пашкоджанні афіцыйных дакументаў (яму пагражае да 15 гадоў зняволення), маці — ва ўкрывальніцтве асобы, якая здзейсніла цяжкае злачынства.
26-гадовы Павел прызнаў сваю віну і ў зале суда адмовіўся даваць паказанні. Таму пракурор і суддзя зачытвалі яго паказанні, якія ён даваў падчас следства, з матэрыялаў справы.
Супярэчнасці
Падазраваны распавёў, што ў вечар перад забойствам купіў 3 бутэлькі гарэлкі. Колькі выпіў, не памятае, але дакладна больш чым паўлітра.
Спачатку Цыняўскі сцвярджаў, што забіў Саламаціну з-за кошкі.
Пазнаёміліся праз сацсетку Вконтакте. Пасля таго, як разышоўся з былой дзяўчынай пачаў перапісвацца з Юляй. Спачатку два тыдні перапісваліся, потым пачалі размаўляць па тэлефоне. У той дзень паклікаў дзяўчыну ў госці ў першы раз. Калі дзяўчына прыехала, хлопец быў моцна п'яны.
"Мы размаўлялі на кухні. Потым пайшлі ў пакой. Я быў ужо вельмі п'яны. Раптам яна выпадкова наступіла на кошку. Я раззлаваўся і ўдарыў яе рукой у плячо. Яна ўпала і стукнулася скронню аб стол. Устала, выпрасталася і закрычала. Потым яна ўпала і пачала біцца ў канвульсіях. я спалохаўся. Калі Юля скалела, я патэлефанаваў маме і сказаў прыехаць. Не распавёў, што адбылося, толькі папрасіў прыехаць".
Затым ён змяніў паказанні і сказаў, што забіў з-за адмовы дзяўчыны заняцца з ім аральным сэксам.
"Прапанаваў заняцца аральным сэксам, а калі яна адмовіла, то ўдарыў. Потым быў вельмі п'яны і не памятаю, як душыў".
Далей паказанні зноў мяняюцца: "За што забіў, не памятаю".
У новых паказаннях факты зноў адрозніваюцца. Абвінавачаны сцвярджае, што не памятае, за што забіў дзяўчыну. Памятае, што прапанаваў аральны сэкс, дзяўчына адмовіла, і ён яе ўдарыў нажом па руцэ. На кухні яны разам перабінтавалі парэзаную руку і пайшлі ў пакой выпіваць далей. Далей у абвінавачанага "правал у памяці", памятае толькі, як душыў рэменем. Пасля ён адключыўся і прачнуўся ўжо раніцай побач з трупам. Тады патэлефанаваў маці і папрасіў прыехаць.
У паказаннях хлопец сцвярджае, што маці не ведала пра забойства, ён проста папрасіў яе прыехаць і не патлумачыў, навошта. А расчляняць цела пачаў яшчэ да прыезду маці. Кажа, што калі маці прыехала, то заплакала. І ён сам ўгаварыў яе дапамагчы.
Замяталі сляды
У паказаннях Цыняўскі распавядае падрабязнасці таго, як яны "замяталі" сляды:
Цела рассеклі на дробныя кавалкі. Палілі ў лесе ўсю ноч з дапамогай дроваў, знойдзеных там. Потым засталіся толькі косткі, якія ён рассек на дробныя кавалкі і закапаў ў пакеце ў лесе. Потым выносілі і спальвалі рэчы Юлі, скрываўленыя шпалеры і мэблю.
Суддзя чытае матэрыялы справы. Там ёсць тлумачэнні з нагоды рашэння расчляніць труп: "Я падумаў, што калі няма трупа, не будзе справы і мяне не асудзяць".
Пасля забойства Цыняўскі паехаў у Ждановічы, дзе зламаў і выкінуў тэлефон Юлі. Разам з маці паехалі электрычкай у бок Маладзечна. Выйшлі на нейкай станцыі і начавалі некалькі дзён у лесе. Маці чытала Біблію. Потым вырашылі паехаць у Бягомль, каб развітацца з бабуляй і цёткай. Там ён патэлефанаваў ўчастковаму і здаўся.
У паказаннях таксама гаворыцца, што пасля забойства абвінавачаны спрабаваў парэзаць вены нажом, але гэта не дазволіла зрабіць маці.
26-гадовы мінчанін, які абвінавачваецца ў забойстве, нідзе не працаваў, падпрацоўваў тамадой на вяселлях. Таксама вёў у Вконтакте групу, прысвечаную веласіпедам.
Нагадаем, ураджэнка Смалявіцкага раёна Юлія Саламаціна жыла і працавала ў сталіцы, збіралася паступаць ва ўніверсітэт. 18 ліпеня мінулага года яна паехала на сустрэчу з хлопцам, з якім пазнаёмілася ў сацсетках, і знікла. Як было ўстаноўлена, 26-гадовы мінчанін падчас сваркі задушыў дзяўчыну рэменем. З дапамогай маці ён схаваў яе цела ў лесапаласе ў межах горада. Падчас агляду кватэры абвінавачанага былі знойдзеныя рэчавыя доказы здзейсненага злачынства.
Фота: Сяргея Гудзіліна (Наша Ніва)