Пакуль Расія канфліктуе з Захадам, Беларусь узбройвае сваё войска

У супрацьстаянні Расіі з Захадам Беларусь адзіная можа дамагчыся сваіх мэтаў: атрымаць танную і сучасную зброю для ўласнага войска, якую потым зможа накіраваць як на Захад, так і на Ўсход. Так лічыць карэспандэнт “Gazety Wyborczej” у Маскве Вацлаў Радзівіновіч.  На мінулым тыдні зноў ускалыхнулася тэма ўступлення новых краінаў у NATO. Пад новымі краінамі маюцца на ўвазе Ўкраіна і Грузія – так лічаць расійскія чыноўнікі, на якіх спасылаецца “Інтэрфакс”. Яны сцвярджаюць, што калі Ўкраіна і Грузія распачнуць працэдуру ўваходжання ў NATO, Расія выйдзе з дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе.

Карэспандэнт “Gazety Wyborczej” у Маскве Вацлаў Радзівіновіч, аднак, лічыць, што нягледзячы на намёкі генсека NATO на пашырэнні альянсу ў наступным годзе, Украіна і Грузія не так блізка ад уступлення ў Паўночна-Атлантычны альянс.

Вацлаў Радзівіновіч: Верагоднасць уступлення Грузіі ў Паўночна-Атлантычны альянс залежыць ад аднаго чалавека – ад прэзідэнта Саакашвілі. Пакуль ён застанецца на сваёй пасадзе, Грузія можа забыць аб уступленні ў NATO. Меркаванне пра гэтага чалавека ў Еўропе не вельмі добрае. Як ні паглядзі, але ён быў той іскрай, якая распаліла вайну на Каўказе. З іншага боку, Грузія ў пэўным сэнсе гатовая ўступіць у NATO, таму што большасць насельніцтва Грузіі на рэферэндуме, які адбыўся ў студзені, сказала: так, мы хочам ісці ў NATO. І калі будуць дасягнутыя дамоўленасці наконт Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, ніякіх перашкодаў для ўступлення Грузіі ў NATO не будзе. Я разумею, што тое, што я кажу, вельмі балюча і Грузіі нялёгка губляць мары пра тое, што Абхазія і Асеція будуць у іх складзе. Але на іх месцы я б адмовіўся ад гэтых земляў, каб астатняя Грузія магла ўступіць у NATO і быць у бяспецы ад свайго суседа.

ЕРБ: А Ўкраіна?

Вацлаў Радзівіновіч: Украіна, мяркую, гэта вельмі складана. Як ні глядзі, але толькі 30 % насельніцтва Ўкраіны хоча ўступіць у NATO. Мяркую, што дзесьці каля 50 % проста ненавідзяць NATO, баяцца NATO. Калі б памаранчавае ўкраінскае кіраўніцтва не білася б паміж сабой ужо 4 гады, а працавала са сваім насельніцтвам, распавядала, што такое NATO, якія пазітывы, што ад NATO можна атрымаць, як можна ў лепшы бок зьмяніць краіну, гэтыя прапорцыі былі б зусім іншыя. А ў цяперашнім палітычным стане Ўкраіны гэта не памяняецца вельмі доўга— адпаведна, шанцаў на тое, каб стаць чальцом Паўночна-Атлантычнага альянсу ва Ўкраіны няма. І вінаватае ў гэтым памаранчавае кіраўніцтва краіны.

ЕРБ: Ну, а чаму пры такой сітуацыі генсек NATO Яап дэ Хооп Схефер кажа пра пашырэнне NATO ў наступным годзе?

Вацлаў Радзівіновіч: Гэта дэкларацыя аб намеры: так, мы хацелі б вас бачыць. Але за дужкамі застаецца – але не ў тым стане, як цяпер. Да таго, яшчэ і Расія. NATO не можа не браць пад увагу: прыняццё гэтых краінаў – гэта рызыка, таму што гэта сапсуе стасункі з Расіяй. Магчыма нават, надоўга. А якасць Украіны і Грузіі зараз не апраўдвае гэтай рызыкі.

ЕРБ: А як зменіцца сітуацыя ў сферы бяспекі, калі Расія выканае сваю пагрозу і выйдзе з дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе?

Вацлаў Радзівіновіч: Расія ў прынцыпе цяпер спрабуе размаўляць са светам мовай сілы. Такіх пагрозаў вельмі шмат: гэта ракеты “Іскандэр” у Калінінградскай вобласці, вельмі магчыма, што гэтыя ж ракеты будуць і ў Беларусі. Гэта выхад з дамоваў, гэта пачатак гонкі ўзбраенняў. Расія робіць выгляд, што хоча і можа пачаць новую гонку ўзбраенняў. Расія хоча паказаць сваю рашучасць. Яны будуць рабіць выгляд, што ўсе іх пагрозы рэальныя, што яны ўсё гэта зробяць. Але толькі рабіць выгляд.

ЕРБ: Вы прыгадалі ракеты “Іскандэр” у Беларусі. А якую ролю Беларусь у прынцыпе адыгрывае і можа адыграць у цяперашняй сітуацыі на сусветнай палітычнай арэне?

Вацлаў Радзівіновіч: Я мяркую, што ў гэтай дурацкай гульні Беларусь вельмі сур’ёзны гулец і, можа быць нават, адзіны сур’ёзны гулец, які можа чагосьці рэальна дамагчыся. Глядзіце: Расія прыдумала, што ёй прыдаўся б беларускі плацдарм, каб пагражаць Еўропе. Ці будзе яна пагражаць рэальна, ці не –мы не ведаем, але на мой погляд, яна проста не можа сабе гэтага дазволіць. Яна не можа дазволіць сабе поўнамаштабную гонку ўзбраенняў. Аднак Беларусь можа з гэтага шмат атрымаць і ўжо атрымлівае: напрыклад, ужо атрымала ракеты С-300, найлепшыя супрацьпаветраныя ракеты ў свеце, можа быць, за выключэннем амерыканскіх “Патрыётаў”, але тыя па-за зонай дасяжнасці для беларускага ўраду. Цяпер Беларусь можа атрымаць ракеты “Іскандэр”, якія будуць у яе войска. Беларусь пакрысе ўзбройвае добрай сучаснай зброяй сваё войска. Навошта гэтая зброя Беларусі, ведае толькі Аляксандр Лукашэнка, але яна будзе. Лукашэнка зможа накіраваць яе ці на Захад, ці на Ўсход. Дзякуючы таму вар’яцтву, якое зараз адбываецца і ў Еўропе, і ў Маскве Лукашэнка ўзмацняе сваю пазіцыю ў мілітарным сэнсе. Ён будзе казаць, што мы абараняем Маскву, што мы адзіныя саюзнікі... Так, як атрымліваў танны газ, так будзе атрымліваць і добрую танную зброю, каб на практыцы ўзмацніць сваю незалежнасць. Сваю, не Беларусі!

ЕРБ: Няўжо Расія гэтага не разумее і не баіцца?

Вацлаў Радзівіновіч: Расія робіць выгляд, што не баіцца нічога. На жаль, мне падаецца, што яна нават не проста робіць выгляд, а насамрэч нічога не баіцца. І менавіта гэта вельмі небяспечна. Перш за ўсё для таго, хто не ведае пачуцця страху.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі